Хакеісту Руслану Салею зрабілі аперацыю

1 снежня абаронцу клуба Нацыянальнай хакейнай лігі "Каларада Эвеланш" і нацыянальнай зборнай Беларусі Руслану Салею зрабілі аперацыю з нагоды боляў у спіне. З-за гэтых боляў 35-гадовы гулец правёў у цяперашнім сезоне ўсяго адзін афіцыйны матч — 8 кастрычніка супраць "Нэшвіла". Як нагадавае "Салідарнасць", спіна турбавала самога вядомага беларуса ў НХЛ яшчэ са жніўня. На вялікі жаль, кансерватыўнае лячэнне не дапамагло, і Салею давялося звярнуцца да хірургаў. У SMS-цы, якую даслаў спартовец з клінікі, ён напісаў: "Усё o’key".

Некалькі дзён Салей правядзе ў клініцы, а колькі часу зойме рэабілітацыя, цяпер сказаць цяжка. Не выключана, што славуты хакеіст не зможа згуляць на Алімпіядзе ў Ванкуверы — як вядома, першы матч на XXI зімовых Гульнях зборная Беларусі правядзе супраць Фінляндыі 17 лютага. Гэта значыць праз 78 дзён.