Хакеісты "Хімвалакна" будуць гуляць пры пустых трыбунах

У панядзелак, 12 кастрычніка, адбылося паседжанне дысцыплінарнага камітэта беларускай Федэрацыі хакею. На ім былі разгледжаныя два інцыдэнты, адзначае "Прессбол". Так, 4 кастрычніка на матчы Адкрытага чэмпіянату Беларусі ў Жлобіне паміж мясцовым "Металургам" і латвійскім "Металургсам" на арэне гаспадароў за гадзіну да пачатку сустрэчы не быў вывешаны дзяржаўны сцяг Латвіі, а таксама перад гульнёй не былі выкананыя дзяржаўныя гімны Беларусі і Латвіі. За гэтае парушэнне рэгламенту на жлобінскі "Металург" накладзены штраф у памеры 70 базавых велічыняў.

9 кастрычніка на матчы ў Магілёве паміж мясцовым "Хімвалакном" і "Юнацтвам" на працягу ўсёй сустрэчы гледачы нецэнзурнай лаянкай абражалі суддзяў, гульцоў і трэнераў "Юнацтва". Факт непрымальных паводзін заўзятараў быў зафіксаваны інспектарам сустрэчы, старшынёй судзейскага камітэта Яўгенам Мерзляковым. Паколькі магілёўскія гледачы неаднаразова парушалі грамадскі парадак, дысцыплінарны камітэт абавязаў "Хімвалакно" правесці наступную хатнюю гульню (14 кастрычніка супраць "Шынніка") без гледачоў.