Хакейнае “Дынама” чакае чарговы “капітальны рамонт”

Новы сайт мінскага клуба зробяць чымсьці сярэднім паміж шыкоўнымі парталамі расійскіх каманд і мінімалізмам, прынятым у NHL. Але 10 тысяч наведнікаў, якіх жадае бачыць кіраўніцтва клуба, на яго ўсё роўна не прыйдуць. Наступны сезон мінскае “Дынама” плануе сустрэць з новым сайтам. Кіраўнік прэс-службы клуба Іван Караічаў распавёў Еўрарадыё, што той прысутнасцю “зубраў” у інтэрнэце, якая ёсць зараз, не задаволеныя ні ў кіраўніцтве клуба, ні ў КХЛ:

Іван Караічаў: “Той сайт, які ёсць зараз у “Дынама”, не адпавядае патрабаванням сучаснага хакейнага клуба, Кантынентальнай хакейнай лігі і тым запытам, якія прад’яўляе да прэс-службы новае кіраўніцтва”.

Шэра-блакітны сайт “бела-блакітных” сапраўды намаляваны нібыта ў мінулым стагоддзі. Дызайн маральна састарэў, амаль няма фотаздымкаў і відэа, нестае інтэрактыву. Для параўнання: на старонцы аднаго з лідараў КХЛ — піцерскага СКА — нас сустракае інтэрактыўная галоўная навіна з якаснай ілюстрацыяй на палову манітора. Прыемна паглядзець! Можна, праўда, завітаць на сайт казанскага “Ак Барса” і ўпэўніцца, што не так усё і дрэнна з інтэрнэт-старонкай мінскага “Дынама”...



Тэндэр на “капітальны рамонт” www.hcdinamo.by выйграла мінская кампанія “Астронім*”. Са здаровым ладам жыцця ў партфоліа “зорных” інтэрнэт-будаўнікоў дагэтуль было нягуста: некалькі сайтаў спорт-клубаў і... унікальны шахматны партал. Распавядае кіруючы партнёр кампаніі “Астронім*” Багдан Каравец:

Багдан Каравец:
“Гэта партал, да якога падлучаныя 33 шахматныя школы Беларусі. Праз яго іх вучні могуць сачыць за тым, як гуляюць гросмайстры, з іх каментарамі, з магчымасцю прахадзіць галінкі, адсочваць варыянты”.

Сайту “Дынама” такія функцыі, вядома ж, не патрэбныя. Адмыслоўцы з "Астронім*" вывучылі сайты дынамаўскіх канкурэнтаў і пастанавілі: парталу "зубраў" быць нечым сярэднім паміж лепшымі сайтамі расійскіх клубаў і мінімалістычнымі старонкамі іх заакіянскіх калегаў. Паводле словаў Івана Караічава, простым “рамонтам” справа з сайтам “Дынама” не абмяжуецца:

“Гэта больш, чым капітальны рамонт, — распавядае Іван Караічаў. — Мы фактычна пераязджаем у новую кватэру! Па-першае, будзе больш магчымасцяў для фота- і відэаматэрыялаў. Зараз “адмінка” гэтаму не спрыяе... Па-другое, з’явяцца раздзел камандаў Моладзевай хакейнай лігі і старонка каманды “Дынама-Шыннік”. Па-трэцяе, сайт будзе падтрымліваць блогі. З’явіцца падтрымка клуба ў сацыяльных сетках, больш магчымасцяў па навінах. Навіны будуць падавацца з большым густам”.

Блогі ў гэтай цытаце — самае цікавае. На жаль, нічога падобнага на віртуальны дзённік Марэка Сікоры на сайце “Дынама” не будзе. Праўда, галоўны трэнер “зубраў” і зараз на старонцы трэнерскага штаба каманды не ўзгадваецца. Адзін на ўсіх дынамаўскі блог будзе весці ўся каманда.

Яшчэ адзін блог “Дынама” будзе працаваць на платформе TUT.by. Працягвае Багдан Каравец:

“Пяць сцягоў, з якімі ў руках мы бярэмся за рэканструкцыю сайта “Дынама”. Першы — павелічэнне яго да паўнавартаснага інфармацыйнага партала. Другое — мультымедыйнасць. Трэцяе — інтэрактыўнасць. Ён будзе больш інтэграваны ў сацыяльныя сеткі, і, такім чынам, інфармацыя пра яго будзе лепш разыходзіцца, і лягчэй будзе да яго далучыцца — гэта ўжо чацвёрты сцяг, сацыялізацыя. І апошні пункт — змена інтэрфейса. Мы зробім яго больш сучасным”.

Згодна са словамі Івана Караічава, “капітальны рамонт” сайта “Дынама” не звязаны з яго наведвальнасцю, якая, паводле статыстыкі ад праекта “Акавіта”, складае ў сярэднім каля 1 тысячы чалавек за дзень. У той жа час дынамаўцы разлічваюць, што пасля запуска новага сайта наведвальнасць узрасце ў 10 разоў!

Іван Караічаў: “Мы не звязваем наўпрост распрацоўку новага сайта і павелічэнне наведвальнасці, але разлічваем, што на яго будуць заходзіць каля 10 тысяч унікальных наведнікаў за дзень”.

Але, адзначае Багдан Каравец, такога роста наведвальнасці сайту ніякімі “капітальнымі рамонтамі” не дасягнуць. Тым больш, што нават наведвальнасць сайта барысаўскага БАТЭ (згодна са звесткамі "Акавіты") вельмі рэдка перавышае 3 тысячы чалавек за дзень...

Багдан Каравец: “У сітуацыі з сайтам ГУЎС Мінгарвыканкама мы дасягнулі амаль 10-разовага роста наведвальнасці за кошт стварэння вялікага інфармацыйнага партала з форумамі, інтэрактыўнасцю. Але ў сітуацыі з хакейным клубам “Дынама” 10-разовага роста ніяк не атрымаецца, як ты ні імкніся да гэтага. Бо тут гаворка толькі пра хакей, пра канкрэтны клуб.

А наведвальнасць 10 тысяч — гэта невялікі інфармацыйны партал агульнага характару. Я пад такім скачком не падпішуся ні ў якім разе”.

Звышмэта — гэта, вядома ж, добра. Ды і няма вялікай розніцы ў тым, 7 ці 10 тысяч чалавек штодня заходзяць на сайт клуба. Файна было б, каб у гэтым сезоне выхад у плэй-оф КХЛ для “Дынама” не застаўся звышмэтай, як гэта было два папярэднія сезоны.

Фота: www.sportsdaily.ru.