Ханес Хювенен перайшоў з мінскага "Дынама" ў "Ак Барс"

34-гадовы фінскі нападнік Ханес Хювенен 7 студзеня перайшоў з мінскага хакейнага клуба "Дынама" ў казанскі "Ак Барс". Як адзначае БелаПАН, чуткі пра магчымасць такога пераходу хадзілі ўвесь апошні тыдзень, і цяпер юрыдычны бок пытання вырашаны. Генеральны дырэктар менскага клуба Аляксандр Белы перасцярог ад пошукаў нейкага двайнога дна ў гэтай сітуацыі. Па яго словах, жаданне займець Хювенена ў свае шэрагі казанцы агучылі яшчэ да Новага года. Калі Хювенену распавялі пра жаданне "Ак Барса" бачыць яго ў сваіх шэрагах, хакеіст папрасіў даць яму магчымасць паспрабаваць сябе ў Казані.

Лідар атак "Дынама" правёў у камандзе за два сезоны 57 матчаў, у якіх закінуў 28 шайбаў, зрабіў 19 галявых перадач і атрымаў 64 хвіліны штрафнога часу. У гэтым сезоне Хювенен да апошняга часу займаў першае месца ў "Дынама" па сістэме "гол+пас" — 27 ачкоў (16+11). Толькі 7 студзеня пасля матчу ў Новакузнецку супраць "Металурга" яго апярэдзіў Джэф Плат — 28 ачкоў (15+13). Па колькасці закінутых шайбаў фін па-ранейшаму наперадзе.

У чэрвені мінулага года, падпісваючы новы кантракт з "Дынама", Хювенен заявіў, што для яго вызначальнымі фактарамі сталі новы галоўны трэнер каманды Глен Хэнлан і камфортнасць Мінску. Хэнлан быў звольнены 20 кастрычніка.