“Хартыя-97” уручыла прэміі за абарону правоў чалавека

Штогадовае ўручэнне прэмій “Хартыі’97” у галіне правоў чалавека адбылося ў Мінску. Лаўрэатамі сталі грамадскія актывісты Зміцер Бародка, Максім Вінярскі, палітвязень Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, моладзевы актывіст Франак Вячорка. Пасмяротна прэміяй уганараваная салігорская праваабаронца Яна Палякова. Прэміі ўручалі Станіслаў Шушкевіч, Ірына Халіп, Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў.

“Адметнай рысай прэміі з’яўляецца тое, што бадай ніколі ў нас не было столькі адсутных лаўрэатаў, па розных прычынах”, — заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў

Трое лаўрэатаў знаходзяцца за кратамі, адзін — у войску. А салігорская праваабаронца Яна Палякова, якая скончыла жыццё самагубствам, атрымала прэмію пасмяротна. Журналістка Ірына Халіп перадала яе праваабаронцу Валеру Шчукіну:

“У пасмяротнай узнагародзе заўсёды ёсць нейкі здзек, таму што заўсёды ўзнікае пытанне, а дзе вы ўсе былі тады, калі яна яшчэ была жывая, што вы ўсе зрабілі… Я ведаю дакладна, што адзін чалавек тады быў побач з ёю — гэта Валеры Шчукін. Таму справядліва, што ён атрымлівае сёння ўзнагароду для Яны Паляковай”

Праваабаронца паабяцаў аддаць узнагароду маці Паляковай.

Нагадаем, што нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная “Хартыяй’97” у 1998 годзе. Сярод ляурэатаў прэміі ў мінулыя гады былі абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, палітвязні і журналісты.