Хатні матч з “Вільярэалам” “Дняпро” правядзе ў Магілёве

Хатні матч плэй-оф Лігі Еўропы супраць іспанскага “Вільярэала” 26 жніўня магілёўскі футбольны клуб “Дняпро” правядзе на сваім стадыёне “Спартак”. Не без перашкодаў, але эксперты UEFA дапусцілі арэну да правядзення матчаў апошняй адборачнай стадыі турніру. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар “Дняпра”: Прэс-сакратар “Дняпра”: “Хатняя гульня будзе ў нас, у Магілёве. У нас сучасны стадыён. Вядома, для гульняў плэй-оф ён крыху не дацягвае, але мы зрабілі дазвол”.

Магілёўскі стадыён “Спартак” пабудаваны 54 гады таму. У 2008-2009 гадах адбылася яго грунтоўная рэканструкцыя: поле абсталявалі сістэмай падагрэву і сучасным асвятленнем, над заходняй трыбунай з’явіўся навес. Сёння на стадыёне можа сесці 7 тысяч 990 гледачоў. І, па словах прэс-сакратара “Дняпра”, асноўнай праблемай стадыёна з’яўляецца як раз малая ўмяшчальнасць.

Прэс-сакратар “Дняпра”: “Ёсць пэўны крытэр па ўмяшчальнасці, па якім для такіх матчаў у Беларусі падыходзіць толькі стадыён “Дынама” ў Мінску. Але гуляць пры напаўпустых трыбунах не вельмі хацелася. Таму будзем гуляць дома, гэта нам на руку”.

Іншы беларускі прадстаўнік у Лізе Еўропы – БАТЭ – таксма дамогся права на правядзенне гульні супраць партугальскага “Марыціму” на хатняй арэне ў Барысаве. На ёй можа сесці 5 тысяч 402 чалавекі. Цікава, што госці барысаўчан – клуб з Мадэйры – свае хатнія матчы праводзіць на стадыёне “Душ Баррэйруш”, які ўмяшчае не нашмат больш - 8 тысяч 922 гледачы.