"Хобіт" зноў пераносіцца

Прэм'ера першай часткі дылогіі "Хобіт", якая была запланаваная на снежань 2011 года, не адбудзецца.  Выхад фільма адкладаецца на год; адпаведна прэм'ера другой серыі прыквела "Ўладара пярсцёнкаў" перасоўваецца на 2013 год. Пра гэта стала вядома з тэксту дамовы кінастудыі Warner Bros. і кампаніі IMAX, якая замацавала графік прэм'ераў фільмаў.

Раней прадзюсер праекта Пітэр Джэксан пацвердзіў інфармацыю пра тое, што здымкі фільма пачнуцца не летам, як меркавалася, а толькі ў канцы 2010 года. Ён таксама падкрэсліў у адным з апошніх інтэрв'ю, што пакуль не складзена ніводнага кантракту з выканаўцамі галоўных роляў.

"Калі ўсе нашы ідэі будуць зацверджаныя ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, то да сярэдзіны года мы зробім кастынгавыя рашэнні і анансуем іх", ― сказаў тады Джэксан.

Нагадаем, што за пастаноўку "Хобіта" будзе адказваць мексіканскі рэжысёр Гільерма дэль Тора.

Фота: fanpop.com