Хостынг у Беларусі абыдзецца ў 4 разы даражэй
А беларускім інтэрнэт-сайтам давядзецца плаціць за сваю папулярнасць.
Інтэрнэт-сайты, якія вымушаныя да 1 ліпеня пераехаць у Беларусь, патрацяць на хостынг у некалькі разоў больш, чым яны плацілі за мяжой.
Як распавяла Еўрарадыё дырэктар дызайн-студыі PITRI Святлана Маркоўская, іх сайт разам з арэндай сервера ў Беларусі і аплатай трафіку каштуе ў 4 разы больш, чым у Маскве.
"У Маскве мы бярэм 1000 гігабайт замежнага трафіку на месяц. Разам з арэндай сервера, з усімі пераводамі за мяжу, пакупкай валюты ў нас не атрымліваецца нават 900 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер нам прапануюць у Беларусі 140 гігабайт за 2 мільёны 400 тысяч!"
Па словах Святланы, гэтых 140 гігабайт замежнага трафіку ім не хопіць. Ужо сёння патрэбна больш за 700. За дадатковы трафік давядзецца плаціць па асобным тарыфе, у сярэднім гэта 75 цэнтаў за кожны гігабайт, а гэта яшчэ мінімум 420 долараў. Такім чынам, замест 300 долараў, якія дызайн-студыя плаціла ў Маскве, у Беларусі давядзецца выкласці 1220 долараў. А асноўныя выдаткі беларускія сайты панясуць з-за сваіх замежных наведвальнікаў.
Святлана Маркоўская адзначае, што замежны трафік на сайце можа складаць больш за 50 працэнтаў ад усіх наведвальнікаў.
Святлана Маркоўская: "Кожны сайт індэксуецца пошукавікамі. Яны перыядычна заходзяць на сайт і гэта таксама знешні трафік".
Знешні трафік ― гэта кожны наведвальнік не з Беларусі, які праглядае старонкі сайта, пошукавыя сістэмы, якія забіраюць працэнтаў 20, а таксама карпаратыўная пошта ― усе лісты, якія прыходзяць з-за мяжы, будуць лічыцца замежным трафікам. А калі на сайт у Беларусі будзе праведзена хакерская ДОС-атака, уладальнікі могуць патрапіць нават на 2 тысячы долараў.
Пераезд на больш дарагі хостынг выклікае і павышэнне кошта рэкламы ў белнэце. Адпаведна павялічацца затраты фірм, якія закладуць гэтыя грошы ў кошт сваіх тавараў і паслуг. Такую небяспечную ўзаемасувязь пабачыў дырэктар праекта Gemius у Беларусі Міхал Дарашэвіч.
"Выдавец будзе вымушаны кампенсаваць затраты. Для гэтага ёсць два спосабы. Ён можа павялічыць кошт рэкламы, ці знізіць затраты на распрацоўку кантэнта".
Скарачэнне выдаткаў на кантэнт зробіць беларускія сайты неканкурэнтна здольнымі ў параўнанні з тымі ж расійскімі. Рынак інтэрнэт рэкламы ў Беларусі і цяпер не вялікі. Вельмі цяжка прыцягнуць грошы менавіта сюды. У выпадку павелічэння коштаў і зніжэння якасці кантэнта, грошы могуць застацца ў радыё ці тэлебачанні. А тыя фірмы, якія разумеюць эфектыўнасць рэкламы ў інтэрнэце, проста пойдуць на сацыяльныя сервісы, якія збольшага расійскія.
"Тым што пляцоўкі вымушаныя займацца рэгістрацыяй, пераездам, павелічэннем коштаў, яны не адцягваюць увагу ад самага галоўнага ― ад працы з аўдыторыяй і працы з кантэнтам. Міжнародныя і расійскія на гэта час не губляюць. Напрыклад, mail.ru за паўгода вырас на 10 працэнтаў, пры гэтым нічога не рабіў у Беларусі".
Тым часам зніжэнне кошту хостынга ў Беларусі не плануецца. Як распавёў дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў, з-за указа №60 у правайдараў з'явіліся новыя затраты.
"Нашы затраты пасля ўказа толькі выраслі. Трэба павялічваць штат супрацоўнікаў, таму што трэба саджаць людзей на рэгістрацыю рэсурсаў. Таксама, згодна з указам, правайдарам давядзецца на працягу года захоўваць логі. Для гэтага прыйдзецца набываць новае абсталяванне. Таму казаць аб зніжэнні коштаў не даводзіцца, бо для нас узрастаюць выдаткі на ўтрыманне сайтаў".