Хрыстос пакутаваў на Савецкай плошчы ў Гродне

У Гродне каталіцкае крыжовае шэсце ўпершыню адбылося на вуліцы. Моладзь адной з гарадскіх парафій інсцэнізавала ўзыходжанне Хрыста на Галгофу.
Шэсце дазволілі гарадскія ўлады. У ім удзельнічала некалькі соцень чалавек. Хрыстос быў ў хітоне з грубай тканіны і сандалях, на галаве - цярновы вянок. На плячы ён нёс драўляны крыж. Грым на твары і целе імітаваў раны. Шэсце пачалося ад Бернардынскага касцёла, прайшло праз Савецкую плошчу і закончылася ў Фарным касцёле. Міліцыі давялося двойчы прыпыняць рух аўтамабіляў, каб вернікі перайшлі дарогу. Хрыстос спыняўся дванаццаць разоў. На кожным “прыпынку” моладзь паказвала сцэнку аб ягоных пакутах.

Вядучы: - Пане Езу, просім Цябе, каб мы не баяліся паказваць сваю веру ў прысутнасці тых, хто гэтага не разумее. Каб сваімі паводзінамі паказвалі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця – дарогі да збаўлення.

Вернікі кленчылі, маліліся, спявалі рэлігійныя песні і ішлі далей. Першы раз Хрыстос упаў проста на бетонную плітку, калі праходзіў каля будынку драмтэатра. Прысутныя жыва рэагавалі на пакуты, старэйшыя жанчыны ледзьве стрымлівалі слёзы.

Дзве перадапошнія сцэны – укрыжавання і зняцця з крыжу – адбыліся каля Фарнага касцёла, побач з дарогай, на якой ажыўлены рух. Голас вядучых заглушалі аўтамабілі і тралейбусы.

Вядучая: - Каб мы не былі акторамі ў сваім жыцці, не шукалі грандыёзных роляў. Бо хто, як не Ты, ведаеш, што часам простыя ўчынкі, справы маюць большае значэнне ў жыцці іншага чалавека?

Апошні прыпынак, чатырнаццаты, адбыўся ў Фарным касцёле. Туды запрасілі ўсіх удзельнікаў шэсця. Да іх звярнуўся з падзякай біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.