Хто з беларускіх V.I.P.-аў стане кандыдатам?

Ад ЛДПБ на мясцовыя выбары пойдзе гумарыст, ад БХД — вядомы драматург, а БНФ прадставяць тэатральныя рэжысёры. У нядзелю, на Дзень закаханых, пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і рэгістрацыя іх ініцыятыўных груп. Групы будуць рэгістраваць да 18 лютага, вылучэнне кандыдатаў завершыцца 15 сакавіка. Аб удзеле ў выбарах заявілі ўсе палітычныя партыі Беларусі. Колькасць верагодных кандыдатаў у дэпутаты вагаецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень.

Балатавацца ў дэпутаты вырашыў вядомы ЖЖ-юзер lipkovich. Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто яшчэ з так званых V.I.P.-асоб пойдзе на выбары.

Больш за ўсё V.I.P.-аў у Партыі “Беларускі Народны Фронт”. І гэта, як расказаў намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, не толькі палітычныя V.I.P.-ы “фронту”, але і вядомыя творчыя асобы.

Ігар Лялькоў: “Вядомымі фігурамі ў сваіх рэгіёнах з’яўляюцца, напрыклад, тэатральны рэжысёр Хрыстафор Жэляпаў у Віцебску, тэатральны рэжысёр Рыгор Бакіевіч у Брэсце, паэт і бард вядомы Лера Сом у Полацку”.

Па Мінску ж балатуюцца такія палітычныя V.I.P.-ы, як старшыня партыі Аляксей Янукевіч, былы старшыня Вінцук Вячорка і ягоны сын Франак Вячорка, кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч.

У Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, паводле словаў намесніка партыі, кіраўніка тэатра “Хрыстафор” Яўгена Крыжаноўскага, V.I.P.-ы ўсяго два. І адзін з іх дакладна будзе балатавацца ў дэпутаты — гэта сам гумарыст.

Яўген Крыжаноўскі: “У нашай партыі два V.I.P.-ы. Гэта — Гайдукевіч і Крыжаноўскі. Гайдукевіч зараз у роздуме. Рэч у тым, што ён ужо зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. А я буду балатавацца ў Цэнтральным раёне Мінска, я жыву на вуліцы Заслаўскай. І гэта вельмі адказна, таму што Беларусь — цэнтр Еўропы, Мінск — цэнтр Беларусі, Цэнтральны раён — цэнтр Мінску. Я самы цэнтравы кандыдат у дэпутаты!”.

А вось ад незарэгістраванай партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” ў Мінску будзе балатавацца пісьменніца Галіна Каржанеўская.

“Гэта сябра Саюза пісьменнікаў, драматург, — распавёў Еўрарадыё сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — А што тычыцца рэгіёнаў і ўвогуле цалкам сітуацыі ў Беларусі, то мы не падводзілі такой статыстыкі. І мы робім разлік не на вядомых людзей, а на тых, хто будзе працягваць сваю працу ў гэтым раёне незалежна ад таго, выберуць іх ці не”.

Тем не менш, назваў яшчэ Таццяну Севярынец, якую, кажа, ведаюць ва ўсіх цэрквах Віцебска і якая будзе ў гэтым горадзе балатавацца.

Самая актыўная, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, апазіцыйная партыя, — аб’яднаная партыя левых “Справядлівы свет” — плануе вылучаць у дэпутаты больш за 300 чалавек. Але што тычыцца V.I.P.-аў, то, акрамя намесніка старшыні партыі Валерыя Ўхналёва, член Палітбюро Сяргей Вазьняк нікога ўзгадаць не змог.

Сяргей Вазьняк: “З творчай інтэлігенцыі ў нас наўрад ці хто ёсць. Але ёсць V.I.P.-ы — нашы партыйныя кіраўнікі. Ухналёў, напрыклад, — намеснік старшыні партыі. Ён ідзе па месцы жыхарства ў Мінскі гарадскі савет. А іншых, напэўна, і няма”.

А старшыня Сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч паскардзіўся, што хваліцца няма магчымасці не толькі V.I.P.-амі, але і ўвогуле колькасцю вылучэнцаў.

Станіслаў Шушкевіч: “У нас ніхто не хоча ісці, за выключэннем адзінак. Ды і тыя пераважна на Гродзеншчыне”.

Старшыня ж БСДП (Г) Анатоль Ляўковіч прызнаўся, што ўвогуле яшчэ не бачыў спісу партыйцаў, якія збіраюцца браць удзел у выбарах.

Анатоль Ляўковіч: “У нас такога спісу пакуль няма. А я адсутнічаў амаль тыдзень, таму зараз яшчэ і не ў тэме да ўсяго”.

А Мікола Статкевіч, лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі БСДП (Народная Грамада), заўважыў, што звычайна V.I.P.-ы слаба працуюць падчас выбараў і таму лепш стаўку рабіць на людзей хай невядомых, але якія хочуць актыўна сябе праявіць.

Фота: www.kp.by