II кангрэс беларускай дыяспары разгледзеў адносіны Беларусі з Еўрасаюзам

II кангрэс новай беларускай дыяспары "Форум новых беларускіх лідэраў: пакаленне Адраджэння" адбыўся ў Моладзевым еўрапейскім цэнтры ў Страсбургу (Францыя) з 24 па 28 красавіка. На ім разглядаліся праблемы адносін Беларусі з Еўрасаюзам і актывізацыі новага пакалення беларусаў, якія пражываюць у краінах ЕС. Як паведамляе БелаПАН, у мерапрыемстве ўдзельнічалі 35 беларускіх моладзевых лідэраў з 14 краінаў Еўропы і ЗША, а таксама вядучыя беларускія эксперты ў галіне палітыкі, СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Удзельнікі кангрэсу разгледзелі сітуацыю ў Беларусі і працэс дыялогу з еўраструктурамі, правялі дыскусіі на тэму будучыні Беларусі і перспектываў еўрапейскай інтэграцыі, а таксама каштоўнасцяў, якія аб'ядноўваюць або падзяляюць беларускую грамадзянскую суполнасць.

У дэкларацыі кангрэсу даваліся рэкамендацыі беларускім уладам і еўрапейскім структурам па развіцці ўзаемнага супрацоўніцтва. Былі таксама прынятыя заявы, прысвечаныя праблеме следства па справе Мікалая Аўтуховіча і яго калег, а таксама ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэння аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.