Ікеа адмовілася ад дрэва з Белавежскай пушчы
Па дадзеных польскага Грынпіса, высечка леса шкодзіць нацыянальнаму парку. А незалежных эколагаў непакоіць сітуацыя не толькі ў польскай, але і ў беларускай частцы пушчы.
Замежныя прадпрыемствы адмаўляюцца ад драўніны, якая паходзіць з польскай часткі Белавежскай пушчы. Па ацэнках эколагаў, вырубка лясоў вельмі дрэнна ўплывае на экасістэму парка. Польскі “Грынпіс” нават зладзіў акцыю “Стоп распродажу Белавежскай пушчы” і выдаў спецыяльны рапарт. У выніку – галоўныя замоўнікі драўніны з пушчы разарвалі свае кантракты з пастаўшчыкамі, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар польскага “Грынпіса”.
Прэс-сакратар “Грынпіс”: “Мы атрымалі ліст з копіямі афіцыйных дакументаў ад фірмы ІКЕА, а ад іншых фірм мы атрымалі інфармацыю, што яны таксама разважаюць над гэтым крокам. То бок дакладна пацверджана ІКЕА, а іншыя збіраюцца зрабіць тое самае”.
Штогод на польскай тэрыторыі пушчы высякалася каля 120 тысяч кубаметраў лесу, пры тым што на патрэбы мясцовых жыхароў ішла толькі траціна. Праблемай заняліся эколагі і арганізацыя, якая вырубала лясы, страціла свой сертыфікат.
А вось у беларускай частцы пушчы сітуацыя з вырубкай лясоў яшчэ горш за польскую, кажа экалагічны актывіст Валер Дранчук.
Валер Дранчук: “Для нас гэта больш актуальна, чым для Польшчы, таму што Белавежская пушча ў нас адна. У Польшчы гэтага ўсяго значна больш. Высечкі ў нас планавыя, гэта не тое што генеральны дырэктар парка Бамбіза вырашыў эпізадычна нешта высекчы, а па плану штогод. Гэта прадаецца, вывозіцца, экспартуецца менавіта дзяржавай. Поўную адказнасць за гэта нясе дзяржаўная палітыка”.
Беларускае гаспадаранне ўнікальнымі лясамі насцярожвае і польскіх экадзеячаў. Сярод іншага іх непакояць заасфальтаваныя дарогі і паляванне ў пушчы, распавёў Еўрарадыё Януш Корбель, экалагічны актывіст з польскага Таварыства аховы краявіду.
Януш Корбель: “У Польшчы на тэрыторыі нацыянальнага парку нельга паляваць, а ў беларускай частцы можна. У Беларусі вядома большая частка тэрыторыі пад асаблівай аховай, гэта нам падабаецца, але да нядаўняга часу там праводзілася палітыка высякання мёртвых дрэваў, нам гэта не падабаецца. Да таго ж на тэрыторыі пушчы ёсць вялікія тартакі. То бок з дрэваў, якія падаюць, робяць дошкі, а гэта з экалагічнага пункту гледжання не вельмі добра”.
Дарэчы, “гаспадарчы”падыход праглядаецца ў самой назве упраўлення, якое адказвае за Белавежскую пушчу - Упраўленне прыродных комплексаў і сельскай гаспадаркі пры Ўпраўленні справамі прэзідэнта. Аднак там кажуць, што ніякай планавай высечкі ў пушчы няма – ёсць толькі нагляд за хворымі і старымі дрэвамі, якія падаюць на дарогі і перашкаджаюць турыстам.
Супрацоўнік упраўлення: “Там нічога і не высякаецца. Там толькі ажыццяўляецца нагляд. Пушчы гэта ж стары лес, ён адмірае і вось гэтыя старыя і сухія дрэвы прыбіраюць. А высечкі дрэў, якія яшчэ растуць, у Белавежскай пушчы ўвогуле няма”.
Аднак колькі дакладна лесу, нават старога, высякаецца ва ўсёй пушчы Еўрарадыё так і не даведалася ні ў самой пушчы, ні ва Ўпраўленні справамі прэзідэнта.
Па словах Валера Дранчука, гадоў 10 таму нехта з кіраўніцтва парка абмовіўся, што гэтая лічба складае каля 200 тысяч кубаметраў. Аднак сапраўдная колькасць можа быць большай, кажа эколаг.
Валер Дранчук: “Я думаю, што іх значна больш. Таму безумоўна высечкі планавыя і яны сапраўды маштабныя”.
А вось ва Ўпраўленні справамі прэзідэнта такія заявы лічаць беспадстаўнымі – дзяржаўная праверка ніякіх парушэнняў не знайшла.
Супрацоўнік упраўлення прыродных комплексаў: “Калі лес прывезлі на склад, ён безасабовы. Галоўнае, каб на месцы ўсё вялося згодна з правіламі. Выязджала нядаўна дзяржаўная камісія, правярала ― усё нармальна. Вы не слухайце нейкія там размовы, а лепш паслухайце сапраўдных эколагаў”.
Тым не менш, пад уплывам еўрапейскіх экспертаў улады ўсё ж вырашылі з наступнага года павялічыць запаветную зону ў пушчы амаль у 3 разы – з 30 да 80 тысяч гектараў. На гэтай тэрыторыі нельга будзе высякаць ніякія дрэвы.
Фота: bp21.org.by