Ільготныя крэдыты на жыллё ў Беларусі могуць зусім адмяніць

Чыноўнікы лічаць, што сістэма ільготнага жыллёвага крэдытавання неўзабаве можа вычарпаць сябе. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА старшыня парламенцкай камісіі па жыллёвым будаўніцтве Галіна Палянская. Нагадаем, на ільготныя (ад 5% гадавых) крэдыты цяпер могуць разлічваць тыя, хто стаіць ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў і мае прыбытак менш за 1 мільён 160 тысяч на чалавека. У Мінску такіх — 90% ад двухсотпяцідзесяцітысячнай чаргі, адзначае "Комсомольская правда в Беларуси".

У апошнія гады ў Беларусі назіраецца фарсіраваны рост жыллёвага будаўніцтва, што патрабуе каласальных эканамічных рэсурсаў. Сёлета ў краіне прадугледжана ўвесці ў эксплуатацыю 6 млн кв.м жытла, у 2010-м плануецца пабудаваць 7,5 млн кв.м, а пачынаючы з 2011 года — 10 млн кв.м.

Аднак з года ў год павялічвалася чарга людзей, якім патрэбнае паляпшэнне жыллёвых умоў. У выніку ў наступным годзе аб'ем ільготнага крэдытавання павінен дасягнуць рэкорднай лічбы 5 трлн. рублёў

Пры такіх аб'ёмах дзейсныя схемы фінансавання жыллёвага будаўніцтва павінны падвергнуцца істотнай карэкцыі, лічыць старшыня парламенцкай камісіі па жыллёвым будаўніцтве Галіна Палянская. На яе думку, у сучасных умовах важна стварыць механізм дзяржаўнага заахвочвання людзей, якія будуюць жытло за кошт уласных і крэдытных рэсурсаў. Напрыклад, развіваць сістэму жыллёвых будаўнічых зберажэнняў.