Iron Maiden выдае складанку лепшых хітоў

Брытанскі хэві-мэталічны гурт Iron Maiden выдае складанку сваіх лепшых хітоў 80-х гадоў. Кружэлка, якая атрымала назву "Somewhere Back In Time", будзе даступная для бясплатнай запампоўкі на сайце калектыву з 12 траўня.

Трэкі будуць выкладзеныя ў фармаце WMA з бітрэйтам 320 kbps.

Праўда, пасля трох праслухоўванняў тэрмін дзеяння файлаў скончыцца.

Пасля гэтага прыхільнікам будзе прапанавана набыць гэтыя ж трэкі, але ўжо без абароны ад капіявання.

На дыск трапілі 15 песень, сярод іх такія хіты, як "The Number Of The Beast" і "Run To The Hills". Акрамя таго, на дыску прадстаўленыя тры канцэртныя запісы – "Phantom Of The Opera", "Wrathchild" і "Iron Maiden".

Паводле сведчанняў музыкаў калектыву, такім чынам Iron Maiden спадзяецца далучыць да сваёй творчасці новае пакаленне аматараў хэві-мэталу.

Нагадаю, гурт Iron Maiden быў сфармаваны ў 1975 годзе. За сваю кар'еру музыкі выдалі 14 студыйных альбомаў. Апошні з іх – "A Matter of Life and Death" – выйшаў у 2006 годзе.

Фота: ironfan.do.am