Італьянскі манах выдаў ужо другі металічны альбом

Італьянскі манах-капуцын Чэзарэ Баніцы (Cesare Bonizzi), вядомы таксама як "брат мэтал" ("fratello metallo"), выдаў другую кружэлку ў стылю хэві-мэтал. Паводле паведамлення BBC News, сам брат Чэзарэ кажа, што любоў да цяжкай музыкі з'явілася ў яго каля 15 гадоў таму падчас наведвання аднаго з канцэртаў гурта Metallica.

Зараз у 62-гадовага капуцына, які жыве ў Мілане, ёсць свой музычны калектыў, з якім і быў выдадзены альбом "Misteri".

Удзельнікі гурта расказваюць, што спачатку яны скептычна паставіліся да ідэі ўзяць у калектыў манаха. Але ўсе іх сумненні зніклі ўжо пасля пяціхвіліннай размовы з братам Чэзарэ. Маўляў, Баніцы распаўсюджвае такую моцную энергетыку, якой маглі б пазайздросціць шматлікія маладыя музыкі.

Трэба дадаць, што нядаўна "брат мэтал" узяў удзел у фэсце "Gods of metal" у Італіі, дзе выступаў на адной сцэне з такімі гуртамі, як Iron Maiden, Judas Priest і Slayer.

У бліжэйшы час ён збіраецца даслаць сваю новую кружэлку ў падарунак Папе Рымскаму.

Фота: flickr.com