Івану Кулікову выставілі новае абвінавачванне
Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта больш не падазраецца ў крадзяжы сродкаў інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны".
Нагадаем, што Іван Кулікоў балатаваўся ў прэзідэнты на мінулых выбарах, але зняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Праз месяц пасля выбараў навукоўцу выставілі абвінавачванне па ч.3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў буйным памеры).
Згодна з першапачатковымі высновамі следства, 61-гадовы доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Іван кулікоў фіктыўна аформіў на працу ў ДНУ "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны" НАН РБ двух жыхароў Мінска. Цягам васьмі гадоў ім налічваўся заробак. Першапачаткова следчыя падазравалі, што Кулікоў усе грошы — 22,3 мільёны рублёў — паклаў сабе ў кішэню. Зараз высветлілася, што гэта не так.
Як удалося высветліць "Ежедневнику", Кулікову перакваліфікавалі абвінавачванне на ч.2 арт. 216 (нанясенне шкоды ў значным памеры шляхам атрымання выгод у выніку падману, злоўжывання даверам або шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі пры адсутнасці прыкмет крадзяжу). Згодна з новымі дадзенымі следства, навукоўца сапраўды цягам васьмі гадоў налічваў заробак "мёртвым душам", але гаворка ўжо ідзе не пра 22, а пра 8,6 млн рублёў. І цяпер следства не думае, што ў мінулым патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта іх выкраў.