Jab Club: разумны ўдар па беларускай музыцы

Падчас чэмпіянату Еўропы па футболе Еўрарадыё запрасілі ў адну з модных мінскіх кавярняў. І зусім не для прагляду паўфінальнага матчу. А проста дзеля таго, каб паслухаць музыку. Гурт “Jab Club” сваім акустычным складам з электрычным адценнем гітары Андрэя Маркуца ствараў еўрапейскую атмасферу Мінска. Пасля выступу Яўген Валошын – лідэр каманды распавёў Еўрарадыё пра ўдар у боксе, каранаванне Глеба Лабадзенкі і магчымасці піяру ў Беларусі. ЕРБ: Дык што ж такое Jab, якое дачыненне гэтае слова мае да музыкі?

Яўген Валошын(Я.В.): Jab – гэта ўдар у боксе. Усе ўдзельнікі гурта пазнаёміліся ў бокс-клубе. А вунь справа сядзіць мой трэнер – гэта першы чэмпіён свету па тайскім боксе сярод прафесіяналаў з усіх краін былога СССР. У свой час ён таксама быў рокерам, падпольшчыкам, анархістам, дзеячам андэграўнду, карацей. А потым стаў чэмпіёнам свету – на ўвесь свет легендарным байцом... Jab – вельмі ёмістае слова, у перакладзе Jab азначае “разумную работу” у боксе. Гэта вельмі разумны ўдар насустрач. Таму такое фанетычна-прыгожае слова і лягло ў аснову назвы нашага гурта. Яно звязанае з нашым ладам жыцця і гучыць прыгожа!

Пра вечарынку

ЕРБ: Сёння, я так разумею, быў нейкі эксперыментальны выступ у бары. Своеасаблівая спроба пяра падобнага кшталту?

Я.В.: У прынцыпе, так.



ЕРБ: Праграма выступу складалася з вашага ўласнага рэпертуару, песень Андрэя Маркуца і вядомых фірмовых кабацкіх рэчаў, якія выконваліся для людзей, непасрэдна наведвальнікаў кавярні, якія прыйшлі сюды выпіць і закусіць.... Так?

Я.В.: Так, вы ўгадалі! Мы спалучылі сваё і чужое, каб самім адарвацца і каб крыху грошай зрубіць...

ЕРБ: Ці збіраецеся надалей эксперыментаваць, у сэнсе, можа ў нейкі канкрэтны дзень тыдня можна будзе сюды прыйсці і паслухаць вас?

Я.В.: Не, мы не ведаем, ці будуць працягвацца нашы выступы тут. Шчыра кажучы, зала не надта, граць тут не зусім зручна, і публіка збіраецца трошкі не тая. Нязручнае месца ва ўсіх адносінах для музыкі!

Андрэй Маркуц - клёвы кампазітар


ЕРБ: Андрэй Маркуц, які падтрымліваў “Jab Club” прыгожымі гарманічнымі акордамі, падпяваў вам і спяваў песні з рэпертуару гурта NEO - асоба вядомая сярод мінскіх музыкаў. Якім жа чынам ён далучыўся да маладой і асабліва невядомай каманды?

Я.В.: Я ў свой час навучаўся ў ліцэі БДУ, дзе знаходзілася рэпетыцыйная кропка гурта NEO. Цяпер гэты гурт распаўся і я прапанаваў Андрэю разам пайграць. Мне ён вельмі падабаецца. Файны кампазітар! Ягоная музыка выкарыстоўваецца ў спектаклях Курэйчыка, у расійскіх фільмах... Гэта выбітны гітарыст, апроч усяго. Музыка кампазітара Андрэя Маркуца файная, яна гучыць у еўрапейскім кантэксце, меладычная, з цікавымі хадамі. У ёй спалучаюцца розныя стылі: джаз, балада... Яна класна слухаецца насамрэч... Калі б мы мелі шоў-бізнес нармальны, калі б гэта ўсё належным чынам развівалася, NEO быў бы, на мой погляд, вельмі папулярным гуртом!




"...у нас абсалютна іншая музыка..."

ЕРБ: Мне, калі шчыра, манера выканання песень вашага гурта нагадала чымсьці гурт “5’nizza”, толькі вельмі інтэлігентную і зусім мінскую 5’nizzu”. Адразу ўзнікла пытанне, ці не баіцеся абвінавачванняў у плагіяце?

Я.В.: Не баюся, таму што наша музыка абсалютна адрозная ад таго, што робіць “5’nizza”. Некаторыя людзі, не зусім дасведчаныя ў музыцы, знаходзяць нешта падобнае... Насамрэч, у нас гармонія іншая абсалютна... Так, часам прыём атрымання гуку рукой перасякаецца, бо гітара мае не так шмат магчымасцяў. Такія ж прыёмы многія замежныя гурты выкарыстоўваюць... Апроч “5’nizza” хапае іншых музыкаў, якія граюць у стылі рэгі. Боб Макфэрэн, напрыклад, такія ж прыёмы галасавыя выкарыстоўвае. Гэта нармальна. Таму я не баюся падобных параўнанняў, больш за тое, лічу, што гэта добра, калі ўзнікаюць такія параўнанні! У дыск, што нядаўна пабачыў свет і называецца “Толькі разам”, мы наўмысна ўключылі 3 песні ў стылі рэгі. Наўмысна, на падабенства. Таму што, калі будуць казаць, маўляў, музыка “Jab Club” падобна да “5’nizza”, падобна да Міхея, яшчэ да кагосьці падобна – калі ласка, гэта класна! Аднак усё-такі ў нас абсалютна іншая музыка!

ЕРБ: Увогуле, першае маё знаёмства з гуртом “Jab Club” адбылося на Тузіне Гітоў. Гурт стаў лідэрам некалькіх тураў. Як даўно каманда існуе на гэтым свеце?

Я.В.: Мы існуем з новага года. Толькі вось-вось нядаўна пачалі рэпетаваць. Запісалі песні тут у Мінску на студыі “Панда-рэкардз” і адну з іх закінулі на Тузін Гітоў, дзе два разы перамаглі. Мы спакойна можам выступаць жыўцом, нават запраста! У нас гатовая нармальная канцэртная праграма. Вось толькі гітарыст гурта з’ехаў у Лондан, таму зараз мы выступаем у нязвыклым крыху складзе. Мне, дарэчы, падабаецца акустычны гук, падабаецца так выступаць, таму што калі гэта электрыка – я выступаю без гітары і толькі спяваю. Пачынаюцца “драўляныя” вар’яцкія танцы і ўсё такое (смяецца). Ёсць шмат варыянтаў! Файна спрабаваць граць у розных стылях, файйна іграць электрычна, акустычна, акапэльна...




Пра альбом і Глеба Лабадзенку



ЕРБ:
А раскажыце пра ваш альбом. Гэта сапраўдны дэбютны дыск ці дэма-запіс?

Я.В.:Будзем лічыць, што гэта дэма-запіс. Выйшаў дыск невялікім накладам у 300 асобнікаў. Але падчас канцэртаў у Польшчы і ў Мінску альбом разабралі, і нам давядзецца дадрукоўваць гэты наклад. У прынцыпе, я лічу, што якасць запісу альбома нармальная, таму ён і не слухаецца як дэма. Добры студыйны запіс...Тры песні з альбома на вершы Глеба Лабадзенкі запісаныя ўвогуле жыўцом з першага разу. Файны паэт! Гэта як калісьці злодзеяў у законе каранавалі, то так зараз жывыя класікі беларускай літаратуры – Някляеў, Барадулін, каранавалі Глеба Паўлавіча Лабадзенку як паэта. Класныя тэксты, усім падабаюцца!




Пра шляхі раскруткі і механізмы піяру



ЕРБ:
Ужо вызначылі шляхі раскруткі гурта “Jab Club”? Можа збіраецеся засвяціцца на нейкіх конкурсах?

Я.В.: Я – журналіст. Хутка напішу артыкул кшталту “Как я пробивался в шоу-бизнесе”, з’езджу на які-небудзь “Белазаўскі акорд”, з папснёй паспяваю... Гэта таксама цікава. Калі вернецца Аляксандр Семянюк – аранжыроўшчык гурта, наш “металёвы стрыжань”, чалавек, без якога вельмі складана нам граць, тады мы гатовыя выступаць у конкурсах без падрыхтоўкі, бо праграма зроблена. З вялікім задавальненнем!

ЕРБ: Маладыя гурты рвуцца на Басы...

Я.В.: А мне не хочацца туды... Гэтыя конкурсы таксама суб’ектыўныя. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але, на мой погляд, людзі, якія судзяць, старэйшыя музыкі ў прыватнасці, калі бачаць малады гурт, які чымсьці вылучаецца, адразу бракуюць яго. Мне здаецца, што тыя гурты, якія апошнім часам перамагалі на “Басовішчы”, не маюць ніякай будучыні ў беларускім музычным кантэксце – папулярнымі ім проста не быць з такой музыкай. Таму што яна шмат у чым спалучаецца з тым жа савецкім рокам, як бы ад яго не адхрышчваліся...Я, напрыклад, адразу чую тыя ж акорды, манеру выканання... Савецкі рок! За саўковымі справамі будучыні няма. Толькі адзін гурт з пераможцаў “Басовішча”, гурт, які для мяне з’яўляецца сапраўднай велічынёй – гэта “Без Билета”( гурт адкрываў Басы ў 2000-м годзе і ніколі не быў пераможцам, - прым. аўтара)... Супер-клёвы гурт, які знаходзіцца ў сусветным музычным кантэксце. Калі б яго добра крутанулі – ён бы стаў культавым у Расіі, ва Ўкраіне, я ў гэтым проста перакананы. Але жахліва і балюча глядзець на ўбогасць нашай музычнай прасторы, нашага шоў-бізнэсу... Вось наш выступ сёння наведала мая сяброўка Дакота – вядомая на ўсю Расію і Ўкраіну спявачка з “Фабрыкі зорак”... Тут на дзяўчыну ніхто ўвагі не звяртаў. Яна прыйшла на “Зорны Дыліжанс”, ёй сказалі: “Девочка, что у тебя за песни? Почему не про патриотизм?”. Адправілі. І на табе – паехала ў Расію - адна з пераможцаў! Вось і ўсё! У нас тут пакуль проста няма варыянтаў. На жаль.



ЕРБ: З беларускім шоў-бізам усё зразумела. Чаму ж украінскія гурты, якія спяваюць на сваёй роднай мове, настолькі запатрабаваны ў той жа Расіі, не кажучы пра іх Радзіму?

Я.В.: Па-першае, ва Ўкраіне большасць людзей размаўляюць па-ўкраінску, асабліва сярод творчай інтэлігенцыі. Па-другое, гэтыя гурты першапачаткова сталі папулярнымі ў сябе на Радзіме. А там, ва Ўкраіне вітаецца, калі ты спяваеш па-ўкраінску. Ага, пракаціла, цудоўна! І тады, калі яны ўжо сталі там запатрабаванымі, там паспрабавалі механізмы раскруткі, іх кінулі ў Расію, і яны “бабах!” і сталі папулярнымі. Нашы гурты тут не могуць раскруціцца. Тыя ж “Ляпісы” раскручваліся найперш там, а потым пра іх даведаліся тут. Напрыклад, тыя ж “J-Морс”, “Без Билета”... Я не лічу іх тут папулярнымі гуртамі... Той жа Міхалок – вельмі прасунуты хлопец. Я нядаўна глядзеў жывы канцэрт “Ляпісаў” у Маскве. Тры песні з дзесяці, якія выконваліся на тым канцэрце, выконваліся на беларускай мове! Наш хлопец! Таксама тайландскім боксам займаецца! Я лічу, што хутка з’явяцца сучасныя беларускамоўныя гурты, без гэтых саўковых фішак і прымочак, якія стануць папулярнымі там – гэта яшчэ адзін козыр у калодзе, які пакуль не выкарыстаны. І пакуль гэтая ніша вольная, трэба паспрабаваць на яе патрапіць!



ЕРБ: “Jab Club” акурат тая каманда, якая збіраецца патрапіць на гэтую нішу?

Я.В.: Так, мы будзем спрабаваць!

ЕРБ: Якім жа чынам можна прабіцца маладому беларускаму гурту ў свет вялікі і зорны?

Я.В.: Быць можа адзін з такіх шляхоў – гэта інтэрнэт, які вельмі інтэнсіўна цяпер развіваецца, і ў свеце ёсць гурты, Fall Out Boys, напрыклад, якія раскручваюцца менавіта праз нэт. Ніша гэтая ў нас таксама не працуе, але вось-вось заявіць пра сябе. Той жа Тузін Гітоў, які, магчыма, звычайны чалавек з вуліцы не ведае, дае магчымасць раскруціцца. Там нашу песню сцягнулі больш за 5 тысяч чалавек! А калі гэта будзе нейкі сусветна вядомы партал, уяўляеце што можа адбыцца!? Такім чынам, інтэрнэт – адзін са шляхоў. Да таго ж, я, працуючы ў папсовай газеце, ведаю механізм піяру. Пакуль у нас часу не было на раскрутку: гурт малады, безграшоўе... Але кароны на галаве мы не маем і ведаем усе гэтыя механізмы. Можна будзе пазмагацца!




Фота
з уласнага архіву гурта