Каб вучыцца ў Беларусі, трэба працаваць, працаваць і працаваць

Пасля нядаўняга падвышэння плата за год для першакурснікаў дзённай формы навучання ў сталічных ВНУ складае ад 1094 да 1596 еўра.

А міністр адукацыі Сяргей Маскевіч на прэс-канферэнцыі пацвердзіў, што кошт платнай адукацыі будзе павялічвацца і надалей.

Студэнты-бюджэтнікі ў агульнай колькасці складаюць не болей за 35%. І іх дыпломы зусім не бясплатныя: мінімум два гады яны абавязаныя адпрацаваць там, куды адправіць дзяржава. У выпадку адмовы — кампенсаваць кошт навучання.

Паміж тым, у шэрагу краінаў Еўропы вышэйшая адукацыя для грамадзянаў застаецца бясплатнай, на што звяртае ўвагу блогер  joeck-12. Такое права гарантуюць Польшча, Славакія, Чэхія, Венгрыя, Аўстрыя, Нарвегія, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя.

Ёсць краіны, дзе кошт навучання ніжэй, чым у Беларусі. У сярэднім, гадавая плата за вучобу ўва Францыі вагаецца ад 250 да 800 еўра, у Партугаліі — 450 еўра, у Бельгіі — 500, у Іспаніі 500-800 еўра, у Нідэрландах — 600 еўра, у Германіі і Італіі — 1000 еўра.

Апярэджваюць нашую краіну па гэтым паказчыку, бадай, толькі Швейцарыя (ад 600 да 3000 еўра) і Вялікабрытанія (у сярэднім 3000 еўра, а ў Шатландыі — бясплатна).

Пры гэтым, як заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка ў парламенце, сярэдні заробак беларусаў наблізіцца да сярэднееўрапейскага да 2016 года.