Каго асудзяць з-за "Хроснага бацькі"?

Апазіцыя патрабуе ад Генпракуратуры распачаць крымінальную справу паводле прыведзеных у фільме “Хросны бацька” фактаў па выкраданні людзей у Беларусі. І прыцягнуць да адказнасці альбо Аляксандра Лукашэнку, альбо кіраўніцтва НТВ. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай справе зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Аляксандра Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, заявіў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “На наступны дзень, як знакаміты фільм “Хросны бацька” выйшаў на экраны, мы звярнуліся ў Генпракуратуру паводле факту самога фільма. І запатрабавалі альбо прыцягнуць да крымінальнай адказнасці тых людзей, чые прозвішчы былі названыя ў якасці саўдзельнікаў злачынства, альбо распачаць крымінальную справу ў дачыненні да сродку масавай інфармацыі”.



У той жа час ён заўважыў, што сур’ёзны СМІ разумее адказнасць і маральную, і крымінальную за тую інфармацыю, якую яны паведамляюць людзям. І калі такі фільм выйшаў, значыцца ў НТВ ёсць пацвярджэнне прыведзеным у ім фактам. Анатоля Лябедзьку падтрымаў Станіслаў Шушкевіч, які заявіў, што змешчаныя ў фільме факты ўпэўніваюць: без удзелу вышэйшага кіраўніцтва краіны гэтыя знікненні не маглі адбыцца.



Між тым, кажа Лябедзька, Генпракурор Рыгор Васілевіч да гэтага часу ніяк не адрэагаваў на зварот дэмсіл.

З’яўленне фільма “Хросны бацька” лідэр кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў назваў шанцам прасунуць расследаванне спраў далей. Але, кажа, яно павінна стаць міжнародным.

Андрэй Саннікаў: “Мы будзе рыхтаваць зварот у ААН, мы будзем патрабаваць, каб адбылося міжнароднае расследаванне гэтай справы, мы будзем патрабаваць, каб тыя факты, якія мы пабачылі па расійскім тэлебачанні, былі выкарыстаныя для расследавання гэтых спраў”.



А лідэр партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін заўважыў, што расіяне маглі б рэальна паспрыяць міжнароднаму расследаванню справы зніклых.

Сяргей Калякін: “Я думаю, што Расія валодае дастатковай колькасцю матэрыялаў, якія маглі б праліць святло на гэтыя злачынствы. І ў сённяшніх умовах Расія можа апынуцца на баку тых, хто расследуе гэтыя злачынствы, і аказаць нам спрыянне, у тым ліку і ў міжнародным плане, у той жа арганізацыі ААН, каб гэтае пытанне было ўзнята. У гэтай справе павінна быць пастаўленая кропка, злачынцы павінны быць пакараныя”.



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ўжо пачалася падрыхтоўка неабходных дакументаў у міжнародныя структуры і хутка яны будуць туды перададзеныя.



Але не толькі гэтыя арганізацыі павінны выказацца па факце знікнення вядомых людзей у Беларусі. Згодна са словамі кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі ПБНФ Віктара Івашкевіча, выказаць сваё стаўленне на гэты конт павінны і беларусы. Таму падрыхтаваная заява ў Мінгарвыканкам з просьбай дазволіць правесці 16 жніўня шэсце з гэтай нагоды.

Віктар Івашкевіч: “Сёння ў Мінгарвыканкам будзе пададзена заяўка з просьбай падаць дазвол на правядзенне 16 жніўня шэсця і мітынгу пад лозунгам “Патрабуем міжнароднага расследавання спраў зніклых”. Маршрут: Акадэмія навук — плошча Свабоды, з 18 да 21 гадзін”.



На заканчэнне лідэр АГП Анатоль Лябедзька зазначыў, што прыцягненне міжнародных арганізацый да расследавання спраў зніклых мае не толькі маральную, але і палітычную неабходнасць. Асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Маўляў, ўвага свету да гэтых спраў стане гарантыяй бяспекі для тых палітыкаў, якія пойдуць на выбары ў якасці кандыдатаў.

Фота: Змітра Лукашука