Калі Раманчук стане кандыдатам у прэзідэнты ад АГП, Лябедзька ачоліць штаб

Аб'яднаная грамадзянская партыя заявіла пра вылучэнне ўласнага кандыдата ў прэзідэнты і прыступіла да фармавання адпаведнай ініцыятыўнай групы. Такое рашэнне было прынятае 17 красавіка на пасяджэнні Нацыянальнага камітэта.  Апроч лідэра партыі Анатоля Лябедзькі прэтэндэнтам на статус кандыдата ў прэзідэнты ад АГП з'яўляецца і яго намеснік, вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук. У размове з Еўрарадыё Раманчук пацвердзіў свае прэзідэнцкія амбіцыі.

Яраслаў Раманчук: “Калі б у мяне не было такіх амбіцый, не было рашучасці ўдзелу ў кампаніі, то я б не гаварыў ніколі пра тое, каб маю кандыдатуру нехта разглядаў. Таму, безумоўна, рашуча настроены на тое, каб удзельнічаць у гэтай кампаніі”.

Каго вылучыць кандыдатам ад партыі на прэзідэнцкія выбары, будзе вызначана шляхам аналізу стаўлення сябраў партыі да кандыдатур кожнага з прэтэндэнтаў. Між тым, Яраслаў Раманчук заяўляе, што не будзе праводзіць унутрыпартыйнай кампаніі піяру сваёй асобы. А праграма кандыдата ў прэзідэнты ад АГП будзе аднолькавая: што ў Лябедзькі, што ў Раманчука. Яна фактычна ўжо напісана.

У той жа час вядома, што гэтая праграма мае эканамічную накіраванасць, вельмі шмат месца ў ёй займаюць прапановы па рэфармаванні эканомікі краіны.

Яраслаў Раманчук: “Дакументы канкрэтныя антыкрызісныя, якія робяць больш спрыяльным бізнэс-клімат інвестыцыйны, ствараюць месцы працы, ахоўваюць здароўе чалавека, з’яўляюцца падставай нашай платформы і нашай прэзідэнцкай праграмы”.

Па словах палітыка-эканаміста, калі ён стане кандыдатам у прэзідэнты ад АГП, то Анатоль Лябедзька зойме месца кіраўніка яго перадвыбарнага штаба.