Каля 30 кампаній аштрафавалі за неліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне Microsoft
Каля 30 беларускіх кампаній аштрафавалі за неліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне Microsoft. Самы буйны штраф складае 2450 рублёў. На мінімальныя штрафы могуць спадзявацца толькі суб’екты, якія прызналі віну і пагадзіліся з тым, што яны выкарыстоўвалі неліцэнзійны софт. Пра гэта БЕЛТА паведаміла знешні юрыдычны кансультант Microsoft у Беларусі Таццяна Ігнатоўская.
Першую падобную адміністрацыйную справу Microsoft давёў да канца ў Беларусі ў снежні 2014 года, а вось крымінальных было зусім мала. Паводле слоў Ігнатоўскай, звычайна праваахоўнікі канфіскуюць ад 3 да 10 камп’ютараў, незалежна ад памеру кампаніі-парушальніцы. У выпадку з буйнымі арганізацыямі, у якіх налічваюцца сотні працоўных месцаў, гэта дазваляе не блакаваць іх працу.