Каля 65% жыхароў Беларусі адзначаць стары Новы год

Стары Новы год будзе адзначацца у ноч з 13 на 14 студзеня. Паводле звестак НДІ праблем культуры Міністэрства культуры Беларусі, у нашай краіне гэтую традыцыю падтрымліваюць каля 65% жыхароў. Нагадаем, што свята атрымала сваю назву з-за пераходу ў 1918 годзе на так званы “новы стыль”, калі ў былой Расійскай імперыі быў уведзены грыгарыянскі каляндар. Розніца паміж старым і новым стылямі склала 13 дзён. Гэтае неафіцыйнае свята адзначаюць ва Украіне, Расіі, Казахстане, Македоніі, Сербіі, Чарнагорыі і нават у некаторых раёнах Швейцарыі.

Беларусы вераць, што ў ноч з 13 на 14 студзеня больш дакладна збываюцца варожбы. У гэтую ноч дзяўчаты варажылі аб замужжы і будучым жыцці. Па словах культуролагаў, Стары Новы год яшчэ з савецкіх часоў для большасці насельніцтва з'яўляецца заключным акордам калядных святаў, распачатых 25 снежня.

У гэты час, як правіла, выкідваюць ёлкі, якія былі ўпрыгожаныя да 25 снежня, на вуліцах пачынаюць прыбіраць святочную ілюмінацыю, а праваахоўныя службы пераходзяць на звычайны рэжым нясення службы.