Каля Фаніпаля адновяць “мяжу” паміж СССР і Польшчай

Каля Фаніпаля ствараецца гісторыка-культурны комплекс “Старая мяжа”. Да 1939 года ў гэтых месцах сапраўды праходзіла памежная паласа паміж СССР і Польшчай, а Мінск быў прыгранічным горадам.
Цяпер тут будзе ўзноўлены ўчастак старога кардона з пагранзаставай, мытняй, пляцоўкай цяжкай ваеннай тэхнікі. Будзе адноўлены і савецкі дот, які захаваўся ў гэтых месцах. Працы фінансуе агракамбінат “Дзяржынскі”, перадае агенцтва “Мінск-навіны”.

Акрамя таго, побач са “Старой мяжой” размесціцца яшчэ адзін комплекс, які ўмоўна можна назваць “Партызанскі лагер” са штабной, камандзірскай, шпітальнай зямлянкамі, лазняй, спальнымі памяшканнямі, зброевай майстэрняй і іншымі атрыбутамі базы лясных салдатаў.

Першую чаргу прац плануецца завяршыць да 3 ліпеня. Канцэптуальна абодва праекты былі распрацаваны супрацоўнікамі музея ВАВ.