Каля міланскага тэатра "Ла Скала" адбыліся акцыі пратэсту

Перад оперным тэатрам "Ла Скала" ў Мілане ў вечар адкрыцця новага тэатральнага сезона адбыліся сутычкі пратэстоўцаў і паліцыі. Традыцыйна ў гэты вечар прэм'еру ў тэатры наведваюць вядучыя палітыкі Італіі, прамысловыя дзеячы і лідары свету мастацтва.

Як паведамляе ВВС, дэманстранты пратэставалі супраць мераў жорсткай эканоміі і рэформаў працоўнага заканадаўства, якія спрашчаюць звальненне работнікаў. Італьянская паліцыя спрабавала не дапусціць да тэатра каля 300 пратэстоўцаў.

Дэманстранты закідвалі паліцэйскіх яйкамі і фаерамі. Яны хацелі ўвайсці ў тэатр і сказаць палітыкам сваё меркаванне наконт мераў эканоміі, паведаміў адзін з лідэраў пратэсту Паола, прадстаўнік левай студэнцкай арганізацыі Cantiere, якая адстойвае правы на жыллё.

Падчас сутычак пацярпелі два паліцэйскія.

Фота — Reuters