Камісар ААН па правах чалавека пакрытыкавала Беларусь

У сваім дакладзе на 15-й сесіі Савета ААН 13 кастрычніка Вярхоўны Камісар ААН па правах чалавека Наванэтэм Пілай (Navanethem Pillay) пакрытыкавала Беларусь за сітуацыю са свабодай асацыяцый. Пілай: "Непакоіць абмежаванне сферы дзейнасці грамадзянскай супольнасці і грамадзянскай актыўнасці праз спецыяльныя законы і іншыя абмежавальныя захады ў Бахрэйне, Беларусі, Кітаі, Егіпце, Лівіі, Сірыі ды Тунісе".

На крытыку Наванэтэм Пілай у той самы дзень адказаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях Міхаіл Хвастоў.

Хвастоў: "Мы прынялі да ведама агучаны Вярхоўным камісарам тэзіс наконт заканадаўчых і іншых захадаў, якія як быццам звужаюць рамкі дзейнасці грамадзянскай супольнасці ў шэрагу краін. У гэтай сувязі хацелі звярнуць увагу на той факт, што ў Беларусі ажыццяўляюць дзейнасць больш за 2200 грамадзянскіх аб'яднанняў і 15 палітычных партый. Наўрад ці абмежавальныя захады дазволілі б так дынамічна развівацца структурам грамадзянскай супольнасці".

Насамрэч колькасць грамадскіх аб'яднанняў у Беларусі не павялічваецца. Так, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 30 кастрычніка 2003 іх было 2258, на 1 студзеня 2010 – 2225. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і адной з некалькіх у свеце, дзе дзейнасць ад імя незарэгістраванага грамадскага аб'яднання з'яўляецца крымінальным злачынствам.