Кампанія "Гавары праўду!" пусціла кроў

У Мінску актывісты кампаніі "Гавары праўду" здалі кроў на станцыі пералівання. Акцыя прысвечаная Сусветнаму дню донара. У Мінску ў акцыі ўдзельнічалі больш за 40 чалавек. Гэта менш, чым разлічвалі арганізатары. "Мы планавалі ўдзел ганаровых донараў. Але нягледзячы на дабрачыннасць і апалітычнасць акцыі кіраўніцтва станцыі крыві папярэдзіла ганаровых донараў: калі іх прозвішчы будуць з'яўляцца ў СМІ, яны пазбавяцца працы", - кажа Юлія Рымашэўская.

Акцыя праходзіла таксама ў Магілёве. Там здалі кроў больш за 10 чалавек. Кіраўніцтва магілёўскай станцыі пералівання крыві да акцыі паставілася прыязна.

Агулам у акцыі паўдзельнічала больш за 50 чалавек у Мінску і Магілёве. За дабраахвотную здачу крыві даюць кампенсацыю 70 тысяч рублёў. Агулам сабраныя каля 4 мільёнаў рублёў. Усе гэтыя грошы будуць пералічаныя праз дабрачынны фонд магілёўскай донарскай арганізацыі "Кропля Жыцця" на карысць дзіцячага анкагематалагічнага аддзелення.