Кампанія моладзі ашукала гульнявы аўтамат у Глыбокім

Кампанія маладых людзей — афіцэр, гандлёвы агент, прадавец ды двое супрацоўніц казіно — здолела ашукаць на 33 мільёны рублёў гульнявы аўтамат “МегаДжэк” у Глыбокім.

Махляроў падвяла сквапнасць. Выйграўшы буйную сумму, яны забралі ўсе грошы, што на той момант былі ў касе казіно — 9 мільёнаў рублёў, і запатрабавалі ў гаспадара тэрмінова выдаць ім астатняе. Гаспадар казіно вырашыў праверыць, якім чынам “МегаДжэк” выдаў некалькі разоў запар буйны выйгрыш. Высветлілася, што ў аўтамаце нехта замяніў мікрасхему. З дапамогай гэтай “дэталькі” махляры і пачалі выйграваць.

Адзін з маладых людзей распавёў падчас следства, што мікрасхему ён набыў у сталіцы, але “забыўся”, у каго. Высветлілася, што сябры згаварыліся з супрацоўніцамі казіно, каб тыя не звярталі ўвагі, калі яны будуць корпацца ў аўтамаце. Дзяўчатам паабяцалі долю ад выйгрышу.

Нядаўна ўсе члены злачыннай групы атрымалі прысуды. Вайсковец, на гэты час ўжо былы, і хлопец, які купіў “чароўную” мікрасхему, правядуць на “хіміі” па чатыры гады, іх сябра — тры з паловай. Дзяўчаты мусяць выплаціць вялікія штрафы — 5,6 і 4,9 млн рублёў. З казіно іх, вядома, звольнілі.