Кампазітары навучацца пісаць ноты з дапамогай сілы думкі

Даследчыкі з Лонданскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Міка Грырсана распрацавалі прыладу Brain Computer Interface for Music (BCIM), якая дазваляе кампазітарам складаць музыку сілай думкі, перадае BBC News. Для працы BCIM патрабуецца сігнал ад электродаў, прымацаваных да галавы карыстальніка. На экране адна за другой загараюцца ноты. Кампазітар павінен думаць пра тую, якую ён жадае запісаць. Калі гэтая нота з'яўляецца на экране, прылада фіксуе падсвядомую змену сігналу мозгу і прайграе ноту.

Мяркуецца, што прылада будзе запатрабаваная кампазітарамі са склерозам і іншымі захворваннямі, якія не дазваляюць ствараць музыку традыцыйнымі спосабамі. BCIM ужо працуе амаль дакладна. На дэманстрацыі для BBC News прылада адгадала 6 з 8 нот, задуманых Грырсанам.

Грырсан далёка не першы навуковец, які даследуе механізмы разумовага кіравання камп’ютарам. Такійскія даследчыкі ўжо дэманстравалі механічныя маніпулятары, што кіруюцца пры дапамозе сігналаў мозгу. Амерыканская кампанія Emotiv мае намер да канца года выпусціць нейрашлём EPOC для кіравання гульнямі, заснаваны на тым жа прынцыпе аналізу энцефалаграм.

Фота: photos.streamphoto.ru