Камп’ютарная мехатроніка і палітычны менеджмент

Еўрарадыё знайшло ўсе новыя спецыяльнасці, якія чакаюць абітурыентаў у ВНУ. У Беларусі павялічыцца колькасць спецыялістаў па ядзернай энергетыцы, турызме і палітычным-менеджменце. Новыя спецыяльнасці з’явяцца ў беларускіх ВНУ.

Так, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з гэтага года будзе рыхтаваць новыя рукі ў галіне ядзернай фізікі і радыёхіміі. Спецыялісты пасля будуць працаваць у атамнай прамысловасці. Пра гэта Еўрарадыё распавяла адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Хухлындзіна.

Людміла Хухлындзіна: “У інстытуце бізнесу і менеджмента тэхналогій адкрываецца новая спецыяльнасць “лагістыка”. На факультэце фізічным новы накірунак спецыяльнасці “ядзерная фізіка і тэхналогія” ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі. На хімічным факультэце новая спецыялізацыя “радыяцыйная хімія”і “радыёхімія”, таксама у сувязі з падрыхтоўкай кадраў для атамнай прамысловасці”.

А вось сам БНТУ ў гэтым годзе адкрывае 4 новыя спецыяльнасці. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі.

БНТУ: “4 новыя спецыяльнасці ў нас адкрыліся. “Транспартная лагістыка” на аўтатрактарным факультэце; факультэт горнай справы і экалогіі, на ім адкрылася новая спецыяльнасць “тэхналогія і абсталяванне тарфяной вытворчасці”; на машынабудаўнічым факультэце адкрылася спецыяльнасць “камп’ютарная мехатроніка”, на прыборабудаўнічым факультэце адкрылася спецыяльнасць “мікра- і нанасістэмная тэхніка”. Набор вялікі на новыя спецыяльнасці ніколі не адкрываецца, раз яны новыя, то адпаведна адкрываецца па адной групе на кожную спецыяльнасць”.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт у гэтым годзе таксама набірае адразу некалькі новых спецыяльнасцяў: “менеджмент”, “палітычны менеджмент”, “псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці”. Ва ўніверсітэце мяркуюць, што палітолагі-менеджэры ў будучым будуць запатрабаваныя.

БДЭУ: “Змогуць быць запатрабаваны на выкладчыцкіх і адміністрацыйных пасадах у сярэдніх, сярэднеспецыяльных і вышэйшых вучэбных установах. У сацыяльна-палітычных і стратэгічных цэнтрах і інстытутах, могуць працаваць у маркетынгавых службах і прадпрыемствах, у органах дзяржаўнага і муніцыпальнага ўпраўлення”.

На гэтую спецыяльнасць набіраецца 25 чалавек. 10 з іх бюджэтныя, 15 платныя месцы.

На факультэце “Лясной гаспадаркі” ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным ўніверсітэце ўпершыню ўзнікла новая спецыяльнасць “турызм і прыродакарыстанне”. А ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце турыстычных спецыялістаў будуць вучыць “гасціннасці”.

БДУ: “У нас адкрываюцца ў 2009 годзе “турызм і гасціннасць” гэта геаграфічны факультэт, і біяэкалогія – біялагічны факультэт, гэта дзве новыя спецыяльнасці, якія адкрываюцца ўпершыню. Турызм і гасціннасць — гэта новыя спецыяльнасці у сувязі з кан’юнктурай эканамічнай сітуацыі, то бок гэта галіна развіваецца і я думаю будзе развівацца. Ёсць і вочныя, і завочныя формы, навучанне за кошт рэспубліканскага бюджэту, так і на ўмовах аплаты”.

Фота: bymedia.net