Канадскі дыджэй натхніўся ўчынкам Radiohead

Канадскі дыджэй і прадзюсар Amplive стварыў альбом рэміксаў на базе песняў альбома Radiohead "In Rainbows" і збіраецца распаўсюджваць яго бясплатна.
Прадстаўніка мікшэрскага цэха на гэта натхніў адважны ўчынак Radiohead, якія да гэтага выклалі свой новы альбом у Інтэрнэт фактычна бясплатна.

Праўда, ёсць адзін момант - пажывіцца гэтым дыскам здолеюць толькі тыя меламаны, якія запампавалі "In Rainbows" з сайта Radiohead, заплаціўшы за яго хоць якую капейку.

У якасці пацверджання сваёй прыстойнасці прапаноўваецца даслаць на адрас Amplive ліст-канфірмацыю з сайта гурта. Такім незвычайным чынам ды-джэй вырашыў падтрымаць гурт і аддзячыць яго адданых прыхільнікаў.

Паведамляецца, што на дыск, які атрымаў назву "Rainydayz", трапяць 8 танцавальных перапрацовак песняў "In Rainbows", але поўны трэк-ліст рэмікс-альбома будзе абвешчаны пазней.

Інтэрнэт-рэліз "Rainydayz" адбудзецца 4 студзеня - у гэты ж дзень тыя, хто паспее пакінуць замову, атрымаюць альбом на сваю паштовую скрыню.

Фота: hang-on-to-me.blog.pl