Канцэрт-загадка ад гурта "Разбітае сэрца пацана"

26 кастрычніка, а 18-ай гадзіне ў клубе “Гудвін” адбудзецца прэзентацыя дэбютнага альбома “Розавы закат” гурта “Разбітае сэрца пацана”. Трас-поп калектыў "Разбітае сэрца пацана" быў заснаваны ў сценах Універсітэта культуры ў канцы 1990-х двума студэнтамі гэтай установы – Дзянісам Тарасенка, вядомым па гурце "Склеп" і Сашам Маленькім (пазней вядомым як ды-джэй Цім Карамыслаў). Дуэт праіснаваў пару дзён, даў шэраг канцэртаў у аўдыторыі, усіх заваяваў і сышоў у нябыт да 2005 года, калі Дзяніс Тарасенка з аднакурснікам Паўлам Гарадніцкім рэанімавалі ансамбль, пакінуўшы назву, канцэпцыю, запал, цемрашальства і прылады: баян і піяніна-раяль-сінтэзатар. Калектыў стаў прабівацца на вяршыні шоў-бізнесу. "Кулькоўскія" старажылы сцвярджалі, што "так “кулёк” ніхто не рваў". У 2006 да калектыву далучаюцца бас-гітарыст Андрэй "Эндру" Восіпчык, бубнач Юрый Сізоў. Дзяніс мяняе баян на гітару, Паша раяль на флейту, і ў 2007 годзе ансамбль прыступае да запісу першага і пакуль адзінага альбома "Розавы закат". У запісе прынялі ўдзел усе вышэйзгаданыя музыкі, а таксама заснавальнік гурта "Ананімка і Касіяпея" Ліберзон.

Працу над альбомам гурт цалкам скончыў яшчэ год назад. Прэзентацыя альбома планавалася сёлета ў чэрвені, аднак дыск быў згублены. Нехта назваў гэтую гісторыю банальным піярам, нехта шчыра спачуваў.

На шчасце, адзіны дыск з “Розавым закатам” не без прыгодаў вярнуўся ў Беларусь і адразу быў адпраўлены на тыражаванне ў Маскву. (Перад гэтым было зроблена вельмі шмат копій матрыцы).

Такім чынам, амаль праз год пасля запісу альбома дыск будзе прэзентаваны. У канцэрце возьмуць удзел сябры калектыва, гурты “Ананімка”, “Аварыйнае выйсьце” і “Петля прістрастія”.

Напярэдадні канцэрту мы сустрэліся з вакалістам гурта Дзянісам Тарасенка, каб даведацца, што чакаецца на прэзентацыі альбому і якія неспадзяванкі гурт рыхтуе да канцэрту.

Дзяніс Тарасенка: “Канцэрт ва ўсіх сэнсах будзе унікальным. Гэта канцэрт-загадка! Бо мы да гэтага часу не ведаем, ці гатовая кружэлка. Карацей, усё адбываецца ў рэжыме “тут і цяпер”. Мы абавязкова зробім якое-небудзь шоў!
А вось і неспадзяванкі: на гэтым канцэрце мы таксама будзем прэзентаваць наш другі, пакуль яшчэ недапісаны, альбом! Усё будзе цудоўна!!! Піва будзе піцца і ліцца!”
Канцэрт-прэзэнтацыя пройдзе ў межах кампаніі “Будзьма”.

Вось што кажуць музыкі: “Мы з радасцю далучаемся да гэтай кампаніі і заклікаем усіх быць не толькі беларусамі, але і быць пазітыўнымі беларусамі. Пазітыву нам вельмі не хапае зараз! Нам вельмі даспадобы што дадзеная кампанія не падзяляе беларусаў адносна моўнага прынцыпу. Мы будзем у межах кампаніі тымі хто спявае на трасянцы! А такіх па апошніх дадзеных каля 90 адсоткаў. Нехта ж павінен спяваць на зразумелай для ўсіх мове.”
 


Паслухаць песьні гурта можна на www.myspace.com/byrsp