Кандыдат у прэзідэнты Польшчы: Лукашэнка – нясмелы дыктатар (фота)

Еўрарадыё пабыло на мітынгу самага эпатажнага польскага кандыдата і паразмаўляла з ім пра Беларусь.
Добрая апаратура, адсутнасць міліцыянтаў, раздача бясплатных агітацыйных плакатаў, кніг і дыскаў – вось што адрознівае польскія перадвыбарчыя мітынгі ад беларускіх.

Самы эпатажны кандыдат у прэзідэнты Польшчы Януш Корвін-Міке правёў 17 чэрвеня мітынг у самым сэрцы Варшавы – на Замкавай плошчы. Ён называе сябе кансерватыўным лібералам і стаіць на пятым месцы па папулярнасці у бягучай прэзідэнцкай гонцы з 10 кандыдатаў.







Януш Корвін-Міке не любіць дэмакратыі і сацыялістаў, ставіць пад сумнеў наданне права голасу жанчынам, а паўгода таму прылюдна спаліў сцяг Еўрасаюза. Разам з тым ён вядомы сваімі супер-ліберальнымі поглядамі на эканамічную сістэму.

Януш Корвін-Міке: "Па-першае, я змяню падатковую сістэму. Мы не маем мажлівасці адмяніць еўрасаюзныя акцызы, можам толькі іх зменшыць. Але мы можам ліквідаваць падаходны падатак, які прыносіць людзям толькі няшчасце. Колькі часу трацім на гэта ўсё!"

Кандыдат даволі ўдала кпіў з сваіх апанентаў, чым выклікаў смех прыхільнікаў.

Януш Корвін-Міке: "Такое вось войска пацыфістаў хочуць пабудаваць. Ведаеце, што спадар Кліх неяк сказаў? Што ён не будзе адпраўляць польскія войскі ў Судан, бо там... небяспечна!"



Пасля даволі доўгай, але займальнай прамовы Януш Корвін-Міке каля 40 хвілін раздаваў аўтографы для сваіх прыхільнікаў. А таксама расказаў Еўрарадыё сваё бачанне прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Януш Корвін-Міке: "У Лукашэнку мне не падабаецца не тое, што ён не дэмакрат, бо я сам не люблю дэмакратыі, а тое, што ён дрэнна гаспадарыць у Беларусі. Калі ты дыктатар, і нясеш за гэта адказнасць, то трэба смялей праводзіць рэформы! А ён баіцца. Падазраю, што баіцца сваёй уласнай бяспекі (смяецца)".

Сярод некалькіх соцень людзей, якія прыйшлі на мітынг Корвіна-Міке, яўна пераважалі маладыя людзі. Яны кажуць, што ім падабаюцца ліберальныя погляды кандыдата, напрыклад, адносна падаткаў.



Хлопец: "Сапраўды, у яго шмат кантраверсійных поглядаў. Але калі б ён стаў кіраваць, то лічу, гэта добра б паўплывала на нашу краіну".

Не ўсе погляды Ковріна-Міке моладзі прыходзяцца да спадобы.

Студэнт: "Ён спрабуе пераканаць, каб жанчыны заставаліся дома і не ставілі на першае месца кар'еру і палітычную дзейнасць. Гэта мне не падабаецца, гэта абмежаванне свабод. Зрэшты, што ёсць свабодай, кожны вырашае для сябе сам".

Завяршаецца апошні актыўны дзень перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў Польшчы. У суботу дзень цішыні, а ў нядзелю палякі аддадуць свае галасы на выбарчых участках. 

На гэтым кампанія наўрад ці завершыцца. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што хутчэй за ўсё адбудзецца другі тур з удзелам найбольш папулярных кандыдатаў ― Браніслава Камароўскага і Яраслава Качыньскага.

Фота: Елісееў Андрэй