Кандыдатаў у прэзідэнты не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты
Магчыма, такім чынам улада імкнецца абмежаваць удзел маладых выбарцаў у кампаніі. Алесь Міхалевіч і іншыя патэнцыйныя кандыдаты, на якіх грамадства і СМІ звяртаюць менш увагі, расказалі пра тое, як у іх ідзе збор подпісаў.
14 кастрычніка Міхалевіч заявіў, што яго ініцыятыўная група перайшла “экватар” у 50 тыс., і да 29 кастрычніка яны збяруць каля 110 тысяч.
Алесь Міхалевіч: “Збор подпісаў у нас праходзіць добра, роўна. Ёсць, зразумела, рэгіёны-лідары, але збіраецца ва ўсіх рэгіёнах. Лідар на сённяшні дзень – Магілёў, як ні дзіўна, ужо амаль 15 тысячаў. На сённяшні дзень пацверджаная лічба – 54 тысячы подпісаў”.
Стаўку на пікеты, як Някляеў і іншыя кандыдаты, Міхалевіч не робіць. Збор подпісаў праходзіць “ад дзвярэй да дзвярэй”.
Алесь Міхалевіч: “У мяне асноўная стаўка на зборы подпісаў ад дзвярэй да дзвярэй, пікетаў літаральна некалькі ў Мінску, адзін у Гомелі, у Віцебску і практычна ўсё. Я раблю стаўку на кампанію “ад дзвярэй да дзвярэй”, бо лічу, што гэта больш сістэмнае абыходжанне, у мяне добрая каманда, таму я хачу, каб у кожную кватэру мая ініцыятыўная група прыйшла”.
Міхалевіч не прыгадвае складанасцяў з уладай і міліцыяй. Затое да мэтавай групы – студэнтаў – яго не пускаюць.
Алесь Міхалевіч: “З міліцыяй складанасцяў няма, ёсць вялікая праблема ў студэнцкіх інтэрнатах, напрыклад, у інтэрнаце № 6 БНТУ і № 1 БДУІР у Мінску было адмоўлена ў зборы подпісаў чальцам маёй ініцыятыўнай групы. Ім прапанавалі сядзець каля вахцёркі, а ў іншым сказалі, што могуць пасядзець толькі 1,5 гадзіны, таму што ў іх разнарадка збіраць подпісы толькі па тры гадзіны ў дзень. Прычыны падаюцца розныя, напрыклад, першы прарэктар БНТУ сказаў, што інтэрнат – гэта прыватнае жытло студэнтаў і яны маюць права туды нікога не пускаць.
У Магілёве мы спрабавалі з камандай прайсці ў інтэрнат, дзе калісьці жыў Аляксандр Лукашэнка і вахцёрка сказала, што калі б прыйшоў Аляксандр Рыгоравіч, то яго б, канечне, пусцілі, бо ў нас усе прэтэндэнты роўныя, але некаторыя раўнейшыя. Але з іншага боку, гэта не ўплывае істотна на агульны збор подпісаў, бо каманда вялікая, больш за 1800 чалавек”.
Прадпрымальнік з Віцебска Ўладзімер Правальскі, разлічвае сабраць 110 тыс. подпісаў. Ён збірае подпісы па Віцебшчыне “ад дзвярэй да дзвярэй”. Кажа, што каля 75 % людзей падпісваюцца вельмі ахвотна.
Уладзімір Правальскі: “У мяне было два выпадкі калі я сам збіраў подпісы, органы міліцыі спрабавалі нам перашкаджаць, прычым незаконна, але мы не дазволілі ім гэтага зрабіць, мы гэта ўсё зафіксавалі на відэакамеру. Аднаго члема маёй ініцыатыўнай групы не пусцілі ў студэнцкі інтэрнат. Я прапанаваў напісаць заяву, нават на маё імя, а ў выпадку паўтора прапанаваў у кнізе скаргаў гэта зафіксаваць. Прававых абгрунтаванняў у іх няма”.
Эколаг з Гомеля Юры Глушакоў не вельмі задаволены вынікамі кампаніі па зборы подпісаў. Па яго словах, сітуацыя ўскладняецца тым, што людзей запалохваюць на працы, таму яны пагаджаюцца збіраць подпісы за Лукашэнку і адмаўляюць у подпісах іншым кандыдатам.
Юрый Глушакоў: “Збор подпісаў праходзіць сярэдне. Хачу адзначыць, што ёсць пэўная група людзей, якія выконваюць заданне падтрымаць ўладу, і іх на самой справе не так ужо і мала. Але большасць з іх папярэдзілі на працы, таму яны крыху спалоханыя”.
Яго ініцыятыўныя групы працуюць у Гомелі, Мінску, Гродне, Брэсце і Віцебску, у тым ліку на пікетах.
Юрый Глушакоў: “І старыя і маладыя падпісваюцца, нават тыя, хто лаяльны да дзейнай улады – гэта шмат прадстаўнікоў сярэдняй класы, есць такая дынаміка, што сярэдняя класа падтрымлівае дзейную ўладу. Ім ёсць што губляць, яны за стабільнасць, і гэта заўважна. А вось простыя людзі, пенсіянеры падпісваюцца. Таму тут не ва ўзросте справа, а ў сацыяльных паказчыках”.
Юрыя Глушакова таксама не пускаюць у студэнцкія інтэрнаты.
Прадпрымальнік з мінскай Курасоўшчыны Дзмітрый Ус не кажа, колькі подпісаў сабраў. Пакуль вядома, што за Уса падпісаліся каля 10 тысяч жыхароў Курасоўшчыны.
Дзмітрый Ус: “У нас адсоткаў 70 ходзіць па кватэрах і толькі крыху на пікетах, але цяпер мы ўжо ўзмацняем пікеты, па ўсім горадзе будуць стаяць на наступным тыдні”.
Начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага садавінна-агародніннага камбіната Сяргей Рыжоў таксама не агучвае лічбы сабраных подпісаў. Кажа, што людзей запалохваюць чальцы ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.
Сяргей Рыжоў: “Узяліся невядома адкуль інструкцыі ў людзей, якія ходзяць з падпіснымі лістамі за дзейнага прэзідэнта і даводзяць да выбаршчыкаў, што калі яны падпішуцца яшчэ за нейкага кандыдата, то ў іх будуць праблемы на працы. І гэта чуваць практычна ў кожнай кватэры, кожным пакоі і студэнцкім доме, куды мы звяртаемся. І гэта не адзінкавы факт і выпадак, нягледзячы на заявы прэзідэнта пра тое, што ён заклікае народ аддаваць свае галасы і падпісвацца за іншых кандыдатаў”.
Кандыдаты са спасылкай на свае ініцыятыўныя групы адзначаюць, што многія патэнцыйныя выбарцы скардзяцца на ўціск і запалохванне па месцы вучобы і працы. Уціск гэты скіраваны на тое, каб забяспечыць падтрымку дзейнаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.