Кантраляваць англійскіх фанатаў у Мінску будуць брытанскія паліцэйскія

Разам з англійскімі фанатамі ў Мінск на футбольны матч паміж зборнымі Беларусі і Англіі прыедуць брытанскія паліцэйскія. Яны будуць дапамагаць беларускім калегам кантраляваць і падтрымліваць грамадскі парадак у дзень гульні, якая адбудзецца 15 кастрычніка.
Пра гэта паведаміў камандуючы ўнутранымі войскамі Валерый Гайдукевіч. Паводле яго слоў, англійскія фанаты "славяцца" вельмі буйным норавам, асабліва на выязных гульнях зборнай, і таму гасцям будзе нададзена павышаная ўвага, інфармуе БЕЛТА.

Гайдукевіч адзначыў, што ў беларускіх сілавікоў ёсць досвед забеспячэння правапарадку на міжнародных матчах. На сустрэчы БАТЭ з "Ювентусам" ніякіх эксцэсаў не было.

"Мы не дазволім футбольным хуліганам бясчынстваваць ні на стадыёне, ні ў горадзе. У нас для гэтага ёсць і сілы, і сродкі, і досвед”, - падкрэсліў Валерый Гайдукевіч.