"Капитал" "ляпісаў" перамог на "расійскай рок-каранацыі"

Кліп "Капитал" гурта "Ляпис Трубецкой" чарговы раз атрымаў прэстыжную ўзнагароду. На выходных у Маскве адбылася цырымонія ўручэння расійскіх рок-узнагарод "Чартаў тузін", дзе "Ляпісы" адыгралі забойны сэт з чатырох песень ("Золотая антилопа", "Капитал", "Харэ" і новай – "Манифест").

А крыху пазней хлопцы падняліся на сцэну, каб атрымаць узнагароду за лепшы кліп года.

У адказ на новы прыз вакаліст гурта Сяргей Міхалок паскардзіўся, што "чым больш узнагарод атрымлівае "Капітал", тым мацней ён сябе адчувае ўдзельнікам гурта Eagles – таго, што 30 год зарабляў бабкі адным-адзіным хітом".

Сяргей дадаў, што яму гэта не цікава. Маўляў, "можа, вы і лічыце "Капітал" "ляпісаўскім" "Гатэлем "Каліфорнія", але ў калектыву ўжо новы альбом напалову гатовы, а таму чакайце новых "вандэрфул сурпрайзаў"!"

Акрамя гэтага лідэр гурта пракаментаваў вынікі нядаўняй цырымоніі "Рок-каранацыя-2007", дзе "Ляпісы" перамаглі ў намінацыях "Лепшая песня" ("Капітал") і "Лепшы відэакліп" (зноў "Капітал").

Справа ў тым, што "шчыльны гастрольны графік перашкодзіў "ляпісам" прыехаць па свае прызы".

Сяргей дадаў, што "гадоў праз пяць гурт здолее прэтэндаваць і на галоўны прыз – "Гурт году", а пакуль – будзе вучыцца ў больш паспяховых таварышаў, сапраўдных герояў мінулага сезону — каманды Neuro Dubel".

Фота: www.lyapis.com