"Капітал" "Ляпісаў" стаў кліпам года

Кліп беларускага калектыву "Ляпис Трубецкой" на кампазіцыю "Капитал" стаў кліпам года на расійскай узнагародзе Rock Alternative Music Prize за 2007 год.  У відэанарэзцы пра кліп "Капитал", якую паказвалі перад намінацыяй, каментавалі відэа знакамітыя прадстаўнікі шоў-бізу – прадзюсар гурта "Чайф" Дзмітры Гройсман, лідэр "Несчастного Случая" Аляксей Кортнеў, паэтка Маргарыта Пушкіна, музычныя крытыкі Арцемій Троіцкі, Барыс Барабанаў і Капіталіна Дзелавая. Падобныя відэанарэзкі паказвалі перад абвяшчэннем кожнага намінанта, але толькі ў выпадку з "Капиталом" кліп спадабаўся ўсім экспертам.

Самі "Ляпісы" прыехаць на цырымонію не здолелі, а таму прыз уручылі іх прэс-аташэ Александру Бергеру, які выйшаў на сцэну ў футболцы гурта ТТ-34, аднаго з беларускіх калектываў падшэфнага "Ляпісам" творчага аб’яднання "Дети Солнца".

Дадам, што лідэр "Ляписа Трубецкого" Сяргей Міхалок глядзеў цырымонію ўручэння ў Інтэрнэт-трансляцыі. Сам спявак лічыць, што "гэта, перш за ўсё, узнагарода рэжысёра Лёшы Церахава – напэўна, гэта самы альтэрнатыўны чалавек з усіх вядомых”.

Музыка дадаў, што трэба ўжо “ставіць кропку на "Капитале", бо на падыходзе ўжо два новых відэа!".