Карціны з Гітлерам у Брэсце то вяртаюць на выставу, то зноў здымаюць

Пра тое, што выяваў фюрэра няма на месцы, арт-дырэктар праекта Zабор Антаніна Серакова даведалася ад Еўрарадыё. Пасля праверкі жанчыне паведамілi, што  карціны нiбыта вярталіся на плот пасля святаў. 23 траўня карцiны сапраўды былі на месцы, але, кажа Серакова, толькi да наступнага тыдня. Праз абурэнне брэстаўчан улады горада вырашылі іх зноў зняць.



Серакова: "Вельмі шкада, што ініцыятарамі гэтага працэсу сталі не дзяржорганы, як гэта зазвычай бывае, а жыхары горада. Прычым гэта былі не толькі людзі ва ўзросце, для якіх вайна сапраўды была праблемным досведам. Тут добра спрацавала ідэалогія: калі нам паўсюль кажуць, што Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца кропкай нашай беларускай ідэнтыфікацыі, гэта адлюстравалася на людзях ва ўзросце 20-30 гадоў".



Як паведамляла Еўрарадыё, праз некалькі дзён пасля брэсцкай прэзентацыі вулічнай выставы Zабор зніклі дзве карціны з трыпціху "Роля" гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча. Праца з'яўляецца пластычнай алюзіяй на знакаміты фільм Чарлі Чапліна "Вялікі дыктатар".