Касацыйную скаргу палітыка Андрэя Клімава адхілілі

2 кастрычніка калегія Мінскага гарадскога суда адхіліла касацыйную скаргу па справе апазіцыйнага палітыка Андрэя Клімава. 1 жніўня 2007 года суд Цэнтральнага раёна сталіцы прызнаў Клімава вінаватым у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу з выкарыстаннем СМІ.
Падставай для абвінавачання стала публікацыя на сайце Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Палітык быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сённяшняе пасяджэнне калегіі гарадскога суда праходзіла за зачыненымі дзвярыма без прысутнасці Клімава. Яго інтарэсы прадстаўлялі адвакат Валянціна Лятун і жонка Таццяна Леановіч.

Як паведаміла адвакат, пасля адхілення скаргі прысуд набывае моц, але Клімаў можа абскардзіць яго старшыні Мінскага гарадскога суда. Нагадаем, палітык быў арыштаваны 3 красавіка 2007 года, праз два месяцы пасля публікацыі свайго артыкула, у якім асуджаўся рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Дагэтуль Клімаў правёў за кратамі два тэрміны: з 1998-га па 2002 год (нібыта за крадзяжы ў асабліва буйных памерах) і з 2005-га па 2006 год (за арганізацыю групавых дзеянняў, парушаючых грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Клімава вязнем сумлення.

БелаПАН