"Кастрычніцкую" адчынілі, "каб не ганяць пустыя аўтобусы"

У пятніцу ў 15 гадзінаў адкрываецца станцыя Мінскага метрапалітэна "Кастрычніцкая", якая знаходзілася на рэканструкцыі з 9 чэрвеня. Замест ранейшых трох ліній эскалатара былі ўсталяваныя чатыры. У выніку прапускная здольнасць станцыі павялічыцца на 8,5 тыс. чалавек у гадзіну.  Да апошняга часу планавалася, што станцыя адчыніцца 1 кастрычніка. Пра тое, што ж паўплывала на рашэнне перанесці тэрміны, Еўрарадыё распавядае галоўны інжынер Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Аляксей Мурач:

"Будаўнічая гатоўнасць дазволіла гэта зрабіць. Каб не мучыць людзей, прынялі рашэнне пусціць датэрмінова. Чаго цягнуць, калі ўсё зроблена?! Пустыя аўтобусы ходзяць бясплатныя. Таму танней запусціць... Запускаем метро, здымаем 33-ці аўтобус і працуем у звычайным рэжыме. Але па больш камфортнай праграме".

Адзначым, што кошт рэканструкцыі, з улікам кошту эскалатараў і будаўніча-мантажных работ, склаў 14 млрд. рублёў.