Кастрычніцкую плошчу агародзяць турнікетамі?

У цэнтр Мінску сцягнутыя сілы правапарадку. Шэраг апазіцыйных кандыдатаў заклікалі выбаршчыкаў прыйсці сёння а 20.00 на Кастрычніцкую плошчу, каб выразіць недавер афіцыйным вынікам галасавання. Пры гэтым палітыкі падкрэслілі, што акцыя будзе насіць выключна мірны характар. У дварах вуліцаў, прылеглых да праспекту Незалежнасці, знаходзіліся грузавікі з вайскоўцамі. Вайсковую тэхніку з людзьмі карэспандэнт БелаПАН заўважыў у дварах вуліц Маркса, Энгельса, Леніна, Інтэрнацыянальнай, праспекта Незалезнасці. Колькі грузавікоў прыпаркаваныя за Палацам Рэспублікі. У дварах жылых дамоў, якія выходзяць на плошчу, стаялі людзі ў чорных камбінезонах і чорных шапачках. Вакол Кастрычніцкай плошчы таксама сканцэнтраваная значная колькасць легкавых міліцэйскіх аўтамабіляў. У бок плошчы неслі металічныя турнікеты. Рух па праспекце не перакрыты. На катку, які заліты на Кастрычніцкай плошчы, шмат людзей, у тым ліку дзяцей.