Кастуся Шыталя будуць судзіць 10 сакавіка

Кастуся Шыталя вінавацяць у парушэнні выбарчага заканадаўства. Адміністрацыйны пратакол на актывіста склалі ў Глыбоцкім райвыканкаме. Раённы суд прызначыў разбіральніцтва на 9 раніцы 10 сакавіка, паведамляе Радыё Свабода.

У раённым судзе ён ужо пабываў 3 сакавіка, бо гэтую дату першапачаткова запісалі ў пратакол правапарушэння, складзены юрысконсультам райвыканкаму. З улікам таго, што суд не мусіць падпарадкоўвацца выканаўчым ўладам, справу Кастуся Шыталя ў той дзень разбіраць не сталі.

Шыталю пагражае альбо судовае папярэджанне, альбо штраф памерам да 15 базавых велічынь.

Ініцыятарам судовай справы стала Марыя Мацулевіч, якая была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах ад "Беларускага саюзу жанчын". Яна напісала скаргу ў пракуратуру, нібыта Кастусь Шыталь, які быў назіральнікам на тым самым выбарчым участку, незаконна праводзіў апытанне навучэнцаў прафесійнага ліцэю, ці добраахвотна яны прыйшлі на датэрміновае галасаванне.