Кавалёў: Сярэдні заробак 500 долараў да канца 2010 года — рэальны

Выйсці на сярэдні заробак у 500 долараў да канца 2010 года магчыма, лічыць дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Кавалёў. Як адзначае БелаПАН, такую заяву ён зрабіў на канферэнцыі "Банк. Страхаванне. Лізінг" у Мінску. Па словах эканаміста, цяпер сярэдні заробак па краіне складае прыкладна 380 долараў. Калі аналізаваць меры, якія будуць прымацца ў наступным годзе, то ўсё будзе падпарадкавана таму, каб наблізіцца да паказчыку сярэдняга заробку ў 500 долараў, адзначыў Кавалёў.

На яго думку, прырост заробку можа быць забяспечаны ў тым ліку за кошт дыферэнцыяцыі заробкаў у галінах эканомікі, зняцця абмежавання на рост заробкаў. У прыватнасці, магчымасці для павелічэння зарплаты будуць у банкаўскага сектара, Белтрансгаза, нафтавых кампаній.

Разам з тым Кавалёў звярнуў увагу, што пры павелічэнні заробку неабходна павялічыць норму ашчаджэнняў беларусаў. Па ягоных словах, важна, каб дадатковыя сродкі былі выдаткаваныя не на куплю імпартных тавараў, а на павелічэнне агульнага аб'ёму дэпазітаў у банках.

Эканаміст адзначыў, што цяпер у банках на дэпазітах ляжыць каля 17 трлн рублёў. Гэта значыць у сярэднім на кожнага беларуса ў банках знаходзіцца 600 з нечым долараў, або крыху менш за двухмесяцовы заробак. Расіяне і ўкраінцы берагуць прыкладна тры-чатыры месячныя заробкі, а ў банках Кітая насельніцтва трымае прыкладна гадавы заробак, канстатаваў Кавалёў.