КДБ арыштаваў дырэктара гомельскага "Медпласта"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі пачаў крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі на траіх грамадзян Беларусі. Адзін з іх — жыхар Гомелю, дырэктар ААТ "Медпласт", якое знаходзіцца ў падначаленні канцэрна "Белнафтахім", двое — жыхары Мінску, паведамляе "Інтэрфакс".  Усіх іх падазраюць у тым, што, уступіўшы ў змову, яны скралі не меней за 130 тыс. еўра з грашовых сродкаў інавацыйнага фонду канцэрна "Белнафтахім".

Паводле інфармацыі КДБ, крадзеж адбываўся па наступнай схеме: сёлета ў красавіку-траўні цяперашняга года на ААТ "Медпласт" праводзіўся конкурс па закупе тэхналагічнага абсталявання — балонаў для захоўвання і транспартоўкі вокісу этылену. Перамогу ў конкурсе атрымала фірма з Кіпра, якая прапанавала балоны па кошце, завышаным у чатыры разы. Пераможца падпісаў кантракт на пастаўку ў адрас "Медпласта" партыі з 100 балонаў агульным коштам каля 300 тыс. еўра.

Спецслужбы адзначаюць, што пастаўленае абсталяванне не адпавядала неабходным тэхнічным характарыстыкам, але грошы за яго былі пералічаныя на рахунак кіпрскай фірмы. Затым частка сродкаў (каля 130 тыс. еўра) была пераведзеная на рахункі афшорнай структуры на Віргінскіх выспах і скрадзеная.

Дырэктара ААТ "Медпласт" супрацоўнікі КДБ затрымалі пасля таго, як ён атрымаў сваю долю ў памеры $32 тыс. На яго пачалі яшчэ адна крымінальная справа — за атрыманне хабару.