КДБ забараніў гісторыю рэвалюцый і тэлеэротыку

Жодзінскі аддзел КДБ забараніў трансляцыю канала TV-1000 у сувязі з тым, што пасля 23.00 на ім дэманструюцца эратычныя фільмы. У мясцовай фірме “Гараторг”, якая забяспечвае жыхароў кабельным тэлебачаннем, тлумачаць забарону тым, што 50 абанентаў напісалі скаргу ў Мінскі аблвыканкам. У заяве ў ідэалагічны аддзел гаварылася аб тым, што кабельнае тэлебачанне, транслюючы TV-1000, разбэшчвае моладзь. Канал History давялося таксама адключыць, паколькі абодва яны ў адным пакеце. На думку некаторых абанентаў кабельнага тэлебачання, TV-1000 закрылі не з-за эротыкі, а з-за таго, што ён у пакеце з каналам History.

Гэты канал трансляваў дакументальныя фільмы па найноўшай гісторыі, напрыклад, хроніку польскай "Салідарнасці", барацьбы чылійцаў супраць дыктатуры Піначэта і аповяд аб Рэвалюцыі руж у Грузіі і Аранжавай рэвалюцыі ва Украіне. Цяпер жыхары Жодзіна збіраюць подпісы пад патрабаваннем дазволіць трансляцыю гэтых двух каналаў.

Бюлетэнь Онлайн