“Керамін”: Расфармавалі — як руку адрэзалі...

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў прычынах і акалічнасцях знішчэння славутага хакейнага клуба, які ўсяго два гады таму выйграў чэмпіянат Беларусі. Кватэрнае пытанне сапсавала беларускі хакей. Мінскі “Керамін” расфармаваны і злучаны з моладзевай камандай “Мінскія зубры”. Прычына — хакейных клубаў у сталіцы стала больш, чым лядовых пляцовак міжнароднага ўзроўню.

Хатняя арэна “драконаў” (герб “Кераміна” трымаюць два драконы, таму хакеісты і атрымалі ад заўзятараў такую мянушку) — Лядовы палац на вуліцы Прытыцкага. З гады таму ім рашуча зацікавілася іншая сталічная каманда — “Юнацтва”. Яе галоўны трэнер Міхаіл Захараў тады так і сказаў: “Зробім там рамонт і пераедзем. Гэта нашая арэна, і я не разумею, чаму лепшая каманда краіны дагэтуль калупаецца пры 500 гледачах [маецца на ўвазе каток ХК “Юнацтва” у Парку імя Горкага. — заўв. Еўрарадыё]”.

Тут Міхаіл Міхайлавіч, відавочна, ідзе супраць логікі. Каму ж рабіць рамонт у Лядовым палацы, як не “Кераміну”?! Тым больш, што керамінаўцы былі не супраць! “Ён маральна састарэў, як толькі быў пабудаваны, — распавёў Еўрарадыё пра стан спраў у Лядовым палацы гендырэктар клуба Аляксандр Ляцецкі. — Тут, напрыклад, толькі 4 прафесійныя распранальні. І тыя малыя. Кожная з іх удвая меншая за тое, якой распранальня мае быць. Мы склалі прапанову па развіцці спартовай базы клуба. А нам замест таго, каб яе задаволіць, спусцілі яшчэ аднаго кватаранта ў гэтую камуналку”.

Прыярытэтнае права на карыстанне інфраструктурай Лядовага палацу атрымаў ад Мінгарвыканкама клуб Моладзевай хакейнай лігі “Юнацтва”. Заснавальнікам якога з'яўляецца якраз Мінгарвыканкам. Гарадскія ўлады і "Кераміну" не чужыя: па словах Аляксандра Ляцецкага, яны валодаюць трацінай акцый клуба. Так што каток, так бы мовіць, папросту перайшоў ад старэйшага брата — малодшаму.

І не сказаць, што "Юнацтву" Лядовы палац не патрэбны. На клубнай арэне ў Парку імя Горкага вельмі цяжка прымаць і матчы экстралігі, якія грае "Юнацтва", і сустрэчы Вышэйшай лігі, дзе выступае "Юніёр", і (з наступнага сезона) матчы МХЛ. Ды яшчэ і трэніравацца недзе трэба! Але "Керамін" пасля гэтага "пераразмеркавання" апынуўся ў вельмі незайздросным становішчы.

“Старшыня клуба паставіў пытанне: які сэнс укладаць у каманду грошы, калі мы не зможам нармальна наладзіць трэніровачны працэс? Раней мы самі вызначалі свой расклад, але нас паставілі ў залежнасць ад “Юнацтва”, — працягвае Аляксандр Ляцецкі. — А гаворка ідзе пра немалыя грошы. Мы збіраліся ў наступным сезоне змагацца за медалі, і бюджэт укладалі адпаведны. Тэма была вынесеная на сход заснавальнікаў. Былі меркаванні і за тое, каб застацца ў хакеі. Але больш мэтазгодным палічылі варыянт злучэння з клубам “Дынама” ў новую каманду — “Дынама — Керамін”.

У трэнерскім штабе “Дынама” Еўрарадыё паведамілі, што, нягледзячы на прыход новага спонсара, назву “Мінскія зубры” змяняць не збіраюцца. Маўляў, гэтае “Дынама” памяці “Кераміна” заўзятары засцябуць на раз-два. Рэклама “Кераміна” будзе размешчаная на форме, але не ў назве каманды.

Не знайшоў у мінскім “Дынама” прытулку і ніводны з “керамінаўцаў”. Цяпер “драконы” тэрмінова шукаюць новую працу. 6 з іх прытуліў у салігорскім “Шахцёры” Андрэй Гусаў, які яшчэ паўтара года таму трэніраваў “Керамін”.

Андрэй Гусаў: “Я забраў 6 чалавек з “Кераміна”. Хлопцаў, якіх “падпісваў”, калі яшчэ працаваў там. Больш, на жаль, не магу ўзяць, бо ёсць рэгламент чэмпіянату Беларусі, дзе вызначаная колькасць гульцоў у камандзе.

Мне зараз тэлефануюць шмат з Расіі. У мінулым годзе ў чэмпіянаце Вышэйшай лігі там было 27 каманд, у гэтым засталося 20. 7 каманд скарацілася — а гэта 150-200 чалавек”.

Пакуль што новую працу знайшлі толькі 11 “драконаў”. Іх новыя клубы, акрамя “Шахцёра”, — “Хімік-СКА”, “Нёман”, “Шыннік”, “Віцебск”. Але што будзе далей з астатнімі гульцамі, кар’ера шэрагу з якіх імкліва набліжаецца да заканчэння, і трэнерскім штабам клуба? Аляксандр Ляцецкі мяркуе, што ўсе яны будуць уладкаваныя. Нягледзячы нават на тое, што больш нязручны час для расфармавання клуба за цяперашні прыдумаць нельга...

Аляксандр Ляцецкі: “Паводле рэгламенту кубка і наступнага чэмпіянату Беларусі, клуб можа заявіць 25 чалавек. Склады каманд практычна ва ўсіх ужо сфарміраваныя. Вось у гэтым і ёсць асноўная праблема. Калі б хаця б у лютым, калі “Юнацтва” падало заяўку ў МХЛ, усе зацікаўленыя бакі сабраліся і абмеркавалі перспектывы гэтай сітуацыі...

А тут кіраўніцтву клуба “Керамін-Мінск” даказалі, што зараз, пакуль узровень нацыянальнага першынства ўпаў у сувязі з адтокам гульцоў у КХЛ, трэба падыходзіць да каманды як да стратэгічнага праекта: не на год, а на 3-5. І мы на гэта разлічвалі, пачалася падрыхтоўка... Рашэнне пра тое, што клуб расфарміроўваецца — гэта было тое ж самае, як табе руку ці нагу адрэзалі...”

Незадаволеныя сітуацыяй і заўзятары, якія ў надзеі выратаваць свой клуб нават накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Але пытанне, здаецца, вырашанае. Бо “тры хакейныя каманды для Мінска — гэта, скажам шчыра, зашмат”, — заявіў кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін.


Даведка Еўрарадыё. Хакейны клуб "Керамін-Мінск" заснаваны ў 1999 годзе. Спярша называўся "Мінск", а сучасную назву атрымаў у 2001-м. Двойчы — у 2002 і 2008 — быў чэмпіёнам Беларусі і заваёўваў Кубак. Яшчэ шэсць разоў рабіўся срэбным прызёрам чэмпіяната краіны. У сезонах 2001/02 і 2007/08 каманда не прайграла ніводнага матча плэй-оф.

Фота: сайт ХК "Керамін-Мінск".