Кэйт Уінслет выканае ролю маці Ленана

У Ліверпулі пачынаецца падрыхтоўка да здымак фільму-баёпіку "Nowhere Boy", прысвечанага дзіцячым і юнацкім гадам Джона Ленана (John Lennon).  Рэжысёрам карціны стане брытанская мастачка Сэм Тэйлар-Вуд. Выканаць ролю маці легендарнага бітла Джуліі ў "Nowhere Boy" запрошаная зорка "Тытаніка" Кэйт Уінслет (Kate Winslet), а зводнай сястрой Джуліі Мімі, якая выхоўвала Ленана з пяці год, хутчэй за ўсё стане Эмілі Ўотсан.

Тэйлар-Вуд у першую чаргу занялася падборам акцёраў на жаночыя ролі, бо лічыць, што менавіта яны адыгралі асноўную ролю ў фармаванні "бітла". Сэм упэўненая, што "жанчыны, якія былі побач з Ленанам у дзяцінстве і юнацтве, моцна паўплывалі на тое, кім ён стаў. Менавіта іх няпростыя адносіны стануць цэнтрам гэтага фільму".

Як ужо паведамлялася раней, сцэнар "Nowhere Boy" напісаў прадзюсар фільма пра вакаліста Joy Division "Control" Мэт Грынхэлг. Ён паказаў Ленана самотным падлеткам, які пакутуе ад расстання з маці, і адзіным выратаваннем для якога з'яўляюцца музыка і графіка.

У фільме таксама будзе расказана пра першыя этапы станаўлення The Beatles. Імёны выканаўцаў роляў юных бітлоў пакуль невядомыя.

Плануецца, што на кінафэсце ў Таронта, які стартуе 4 верасня, прадзюсар карціны Роберт Бэрнштэйн правядзе перамовы аб амерыканскім пракаце "Nowhere Boy".

Фота: katewinsletsexy.blogspot.com