Хадзіць на Газманава ў Мінску — зашквар? Два меркаванні

Расійскі спявак Алег Газманаў падчас мінскага канцэрта ў гонар Дня Перамогі, 9 траўня 2026 года

Расійскі спявак Алег Газманаў падчас мінскага канцэрта ў гонар Дня Перамогі, 9 траўня 2026 года / БелТА / Андрэй Сіняўскі

Расійскі спявак Алег Газманаў, які даўно ўжо “зэтнуўся” і актыўна падтрымлівае вайну ва Украіне і палітыку Пуціна, выступіў у цэнтры Мінска на Дзень Перамогі. І яму гучна падпявалі наведвальнікі канцэрта. 

Відэа выклікала спрэчку ў сацсетках: ці нармальна, што беларусы мала таго што прыйшлі на падзею, дык яшчэ і падпявалі ва ўнісон “зэтніку”? Нехта казаў, што народ не той, іншыя спрабуюць даказаць, што 90% наведвальнікаў выступлення — расіяне.

Журналісты Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі і Максім Камерэр спрачаюцца, ці нагода гэта для публічнага сораму.

 

Тарналіцкі: “Ганебна? Безумоўна. Катастрофа? Дакладна не”

Яшчэ пару гадоў таму падобная сітуацыя справакавала натуральнае тарнада хейту ў сацсетках, з абавязковымі публічнымі расчараваннямі ў суайчынніках, якім прарасійская прапаганда прамыла мазгі. 

Але сёлета далей за разрозненыя пасты абурэнне не пайшло. Магчыма, людзей па нейкай прычыне не зачапіла сама падзея. Ці яны яе проста не заўважылі.

Але я асабіста спадзяюся на тое, што рэакцыі не было ўсё ж таму, што падобныя выпадкі ўжо надзейна адрэфлексаваны беларусамі па абодва бакі мяжы. Як тымі, хто знаходзіцца ў фізічнай эміграцыі, так і тымі, хто жыве ў Беларусі і знаходзіцца ў эміграцыі ментальнай.

Хадзіць на Газманава ў Мінску — зашквар? Два меркаванні
Госці бясплатнага святочнага канцэрта да Дня Перамогі з удзелам z-музыкі Алега Газманава, Мінск, 9 траўня 2026 года / БелТА / Андрэй Сіняўскі

Будзем шчырымі — што такога незвычайнага адбылося? Плюс-мінус тысяча чалавек прыйшла на бясплатную культурную падзею у выхадны дзень, і частка з іх падпявала мілітарысцкаму хіту суседняй дзяржавы. 

Ганебна? Безумоўна. Катастрофа? Дакладна не.

Не буду разважаць, колькі з гэтых слухачоў складалі турысты з Расіі, якія актыўна ездзяць адпачываць у Беларусь на святы, а колькі — апалітычныя беларусы, якія жывуць у сваёй інфабурбалцы, дзе ніхто не ведае, што Газманаў — прапагандыст на дзяржзамовах пуцінскай адміністрацыі, а вайна ва Украіне ўспрымаецца як нешта непрыемнае, але далёкае і не пра нас. 

Не буду, бо не ведаю дакладнага адказу на тое пытанне. Ведаю толькі адно — беларусы вымушаны зараз бавіць час на публічных мерапрыемствах, якія не раздражняюць рэжым. 

Апошнія шэсць гадоў, з таго моманту, як Лукашэнка ўзамен на магчымасць захаваць уладу захрас у смяртэльным пацалунку з Крамлём, публічная сфера забаў павярнулася на ўсход услед за гандлем і эканомікай. 

Беларусаў прыязджаюць забаўляюць расійскія комікі, расійскія гурты, расійскія артысты. Іншыя варыянты проста фізічна адсутнічаюць — іх некаму везці. Ды і артыстаў, жадаючых ехаць на гастролі ў Беларусь, вобмаль. Рэжым ударна папрацаваў, каб зрабіць імідж краіны максімальна таксічным і небяспечным. 

Таму для шараговага беларуса выбар невялікі. Не хочаш слухаць Газманава — бяры шэнген (канешне, калі яго яшчэ атрымаецца аформіць) і едзь у Польшчу, Літву ці Германію за заходнім кантэнтам. А не хочаш, то глядзі гэта ўсё ў інтэрнеце, дзякуй богу, яго яшчэ не заблакіравалі. 

Хадзіць на Газманава ў Мінску — зашквар? Два меркаванні
Госці бясплатнага святочнага канцэрта да Дня Перамогі з удзелам z-музыкі Алега Газманава, Мінск, 9 траўня 2026 года / БелТА / Андрэй Сіняўскі

З улікам зусім беднага меню на забавы што людзям застаецца? Правільна — ісці на тое, што ёсць. Нават калі гэта бясплатны канцэрт Газманава на 9 траўня. 

Таму лепей выдаткоўваць уласную энергію не на фрустрацыю ад неідэальнасці музычных густаў суайчыннікаў, а паспрабаваць накіраваць яе ў русла павышэння мабільнасці беларусаў з Заходняй Еўропай. Глядзіш, тады і жадаючых падпяваць расійскім мілітарыстам істотна паменее. 

 

Камерэр: “Каб самім не стаць цемрай”

Навошта людзі збіраюць ежу на сметніку, калі яны могуць дазволіць сабе купіць нармальную ў краме? Я не кажу пра людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Што прымушае звычайнага чалавека харчавацца са сметніцы?

Такое ж пытанне ўзнікае ў мяне, калі я бачу людзей, якія прыйшлі на канцэрт Z-спевака Алега Газманава. Што вас штурхае ісці туды? Які духоўны парыў? Якія ўспаміны? Што?

Я разумею, што ў сучаснай Беларусі складана з культурай і забаўкамі, усё манапалізуюць ідэолагі рэжыму Лукашэнкі і розныя “ганны сялюк”. Адмяняюць фестывалі, закрываюць тэатры. Я ўсё гэта разумею. Але навошта ісці на сметнік?

Дзе гонар, дзе годнасць, дзе ваша злосць, урэшце? Няўжо няма сіл нават на байкот такіх мутных мерапрыемстваў?

Мы казалі, што самы цёмны час — перад світаннем. Світанне, праўда, не спяшаецца. Але ў вашых сілах супрацьстаяць цемры. Хаця б для таго, каб самім не стаць цемрай.

Гэты тэкст — меркаванне аўтараў, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце на [email protected] з пазнакай “Меркаванне”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.