Кіраўніцтва БАТЭ просіць УЕФА расследаваць прычыны ціску на каманду

Кіраўніцтва футбольнага клуба БАТЭ звяртаецца да УЕФА з просьбай правесці афіцыйнае расследаванне з мэтай пошуку прычын ціску на каманду. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Нагадаем, балгарская газета "Новинар" паведаміла, што букмекерскія канторы Еўропы прымаюць шмат ставак на лік 2:0 на карысць "Андэрлехта" ў заўтрашняй гульні (першы матч у гасцях БАТЭ выйграў з лікам 2:1). І УЕФА, нібыта, пачаў расследаванне абставінаў правядзення "дамоўнага" матчу. УЕФА гэтую інфармацыю не пацвярджае.

Гендырэктар клуба Генадзь Якубоўскі сцвярджае, што кіраўнік клубнага камітэта УЕФА Мішэль Чэнтэнара назваў звесткі пра "дамоўны" матч і расследаванне яго абставінаў "поўным абсурдам".

Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі абвяргае існаванне змовы з бельгійцамі. Ён перакананы, што "сенсацыю" свядома запусцілі балгары, бо менавіта з балгарскім клубам "Леўскі" сустрэнецца ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў пераможца пары БАТЭ - "Андэрлехт". Капскі турбуецца, каб чуткі не паўплывалі на стан каманды перад заўтрашнім матчам.