Кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі сустрэнецца ў Ватыкане з Папам Рымскім

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч разам з іншымі каталіцкімі біскупамі нашай краіны наведае Ватыкан 11-17 снежня, перадае агенцтва “Мінск-навіны”.
Гэта будзе так званы візіт аd limina — да грабніц святых апосталаў. Плануецца таксама, што беларускім іерархам дасць аўдыенцыю папа Бенедыкт XVI. Сустрэча прызначана на 17 снежня.

Візіты аd limina адбываюцца раз у пяць гадоў, цяперашні ўжо трэці. Падчас паездкі біскупы наведаюць усе чатыры рымскія базілікі, дзе возьмуць удзел у імшах. Адбудуцца таксама дзве сустрэчы з пантыфікам: спачатку кожны іерарх прыватна паразмаўляе з папам Бенедыктам XVI; падчас другой аўдыенцыі кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы звернецца з праграмным пасланнем да ўсёй Канферэнцыі біскупаў.