Кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі Ута Цапф заклікае да дыялогу

Кіраўнік рабочай групы Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі Ута Цапф заклікала да дыялогу паміж палітычнымі сіламі ў краіне, паведамляе БелаПАН.

У распаўсюджанай 11 студзеня заяве Цапф выказала шкадаванне наконт хвалі рэпрэсій у Беларусі і заклікала неадкладна вызваліць усіх затрыманых.

"Многія з тых, з кім наша рабочая група мела зносіны на працягу вельмі доўгага часу, цяпер затрыманыя па крымінальных абвінавачаннях, якія тычацца падзей пасля выбараў. АБСЕ ўжо неаднаразова адзначала неабходнасць рэфармавання заканадаўства Беларусі ў сферы свабоды сходаў, СМІ і асацыяцый і прывядзення іх у адпаведнасць са стандартамі АБСЕ, — сказала Цапф. — Я шкадую, што падобныя законы не толькі існуюць, але і выкарыстоўваюцца супраць апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці такім чынам".

Цапф таксама выказала шкадаванне ў сувязі з рашэннем беларускіх улад не працягваць мандат офіса АБСЕ ў Мінску.